Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Аляксандр Паўлавец: «Мы літаральна біліся адзін за аднаго …»

 

Абаронца Аляксандр Паўлавец ня браў удзел у слуцкім матчы, дзе тарпедаўская абарона адыграла не лепшым чынам, таму нядзіўна было ўбачыць яго ў асноўным складзе на гульні з «Дынама». На гэты раз аўтазаводцам удалося не толькі перамагчы, але і не прапусціць – падстава звярнуцца за пасляматчавым каментарам да абаронцы.

– Перш за ўсё, хочацца ўсіх павіншаваць са светлым святам Вялікадня і пажадаць галоўнага – здароўя і шчасця.
Што тычыцца матчу з «Дынама», то нам гэтая перамога была неабходная пасля паразы ад «Слуцка». У першую чаргу – для ўзняцця эмацыйнага фону, бо пасля станоўчых вынікаў і працуецца лягчэй. Лічу, што гэтыя тры ачкі былі здабытыя, галоўным чынам, за кошт самааддачы – мы літаральна біліся адзін за аднаго.

– Можна меркаваць, што ў гэтым паядынку абароне вылучалася ключавая роля?

– Так, на гэты матч наш трэнерскі штаб абраў схему з трыма цэнтральнымі абаронцамі, а паколькі нам удалося захаваць свае вароты «сухімі», значыць, гэта быў правільны выбар. Але трэба адзначыць, што абараняюцца, як і атакуюць, не толькі футбалісты профільнага амплуа, а ўся каманда. Тандэм нападнікаў менчукоў (Сарока і Дземідовіч) трымаў нас у напружанні ўсю гульню. Часам даводзілася вельмі цяжка, так, у пачатку матчу крыху не разабраліся, і Сарока вырваўся на ўдарную пазіцыю. Але ўсё абышлося.

– Напэўна, самым патрабавальным тваім гледачом з’яўляецца бацька? Бо ён, як і ўся сям’я Паўлаўцоў, імкнецца не прапусціць ні адной гульні аўтазаводцаў.

– Так і ёсць. Пасля кожнай гульні мы праводзім разбор, бо бацька добра ведае трэнерскія патрабаванні. Часцей паказвае на памылкі, хваліць радзей. Вось і ўчора ўсё прайшло ў штатным рэжыме – разабралі памылкі, хоць і былі яны не так моцна прыкметныя, бо згулялі «на нуль».
У заключэнне вельмі хацеў бы падзякаваць нашых заўзятараў за падтрымку, бо мы гуляем для іх. І запрасіць іх на наступныя гульні каманды «Тарпеда-БЕЛАЗ».

воскресенье, 16.04.2017 13:33
Актуальная інфармацыя

Юнацкае першынство Рэспублікі Беларусь

28 мая, Жодзіна, стадыён “Тарпеда” (штучнае поле)

13:00 – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – МІНСК (1999 г.н.)

партнёры