Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Амаль па нядзельным сцэнары

 

Хто б мог падумаць, што падзеі ў матчы «Тарпеда-БЕЛАЗ» – «Нафтан» увечары панядзелка будуць развівацца практычна па такім жа сцэнары, па якім днём раней прайшоў паядынак дублюючых складаў. Аўтазаводцы ў гэтай сустрэчы выступалі відавочным фаварытам на фоне безнадзейна затрымаўшагася на дне турнірнай табліцы суперніка, ды і па гульні выглядалі відавочна мацней. Але, як і ў нядзельным матчы, з масы перспектыўных момантаў тарпедаўцы рэалізавалі толькі адзін, а потым – пенальці на карысць гасцей і выніковыя 1:1. З улікам турнірнага раскладу вынік, прама скажам, негатыўны.

Яшчэ ў пачатку паядынку тарпедаўцы маглі забіваць, і не адзін раз, але Скавыш трапіў прама ў галкіпера, Калугін – у ашэстак, некалькі кутніх удараў таксама не прынеслі аўтазаводцам карысці. Далей – больш: за фол апошняй надзеі ў складзе «Нафтана» быў выдалены Чыж, і тут ужо здавалася, што нішто не ўратуе гасцей ад паразы. Гэтая ўпэўненасць адужэла адразу пасля перапынку, калі Зубовіч адправіў у сетку адскочыўшы ад штангі пасля ўдару Скавыша мяч. Але потым ледзь не адзіны праход ва ўладанні Сарокі наваполацкага гульца павярнуўся вымушаным фолам ад Аганісяна і пенальці.

Тыя чвэрць гадзіны, што засталіся, гульня ішла толькі на адной палове поля. У атаках гаспадароў прымалі ўдзел нават цэнтральныя абаронцы, госці ў поўным складзе акапаліся ў абароне. І змаглі-ткі адбіцца. Зрэшты, наўрад ці гэта ў іх атрымалася б, пастаўся тарпедаўцы больш рупліва да ствараных момантаў. Але – раз за разам вышэй варот, у ашэстак, у гульцоў суперніка… Фінальны свісток прагучаў у той момант, калі брамнік «Нафтана» выцягнуў з кута мяч пасля чарговага ўдару жодзінцаў – ліміт спробаў вычарпаны.

ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – НАФТАН – 1:1
11 верасня, Жодзіна, стадыён «Тарпеда», 820 гледачоў.

Суддзя: В.Севасцьянік (Гродна).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Сарока, Аффі, Аганісян, Шапавал, Хачатуран (к), Скавыш, Алексіевіч, Зубовіч (Рэкіш, 65), Клімовіч, Паўлавец (Шчэрба, 81), Калугін (Паўлавец, 56).
Запасныя: Хаткевіч, Сідар, Дарашэнка, Джугір.
НАФТАН: Высоцкі, Чыж, Печенін, Штыгель, Лісіца (Барысенка, 83), Адэоіба (Халадкоў, 46), Казлоў, Лавал (Юіке, 60), Волкаў (к), Рыжко, Цяплоў.
Запасныя: Сямёнаў, Гарбачоў, Плясуноў, Мядзведзь.
Галы: 1:0 – Зубовіч, 47. 1:1 – Волкаў, 66-пен.
Папярэджанні: Штыгель (34), Аффі (50), Высоцкі (75).
Выдаленне: Чыж (27).

Трэнерскія каментары:

Алег Сідарэнка ( «Нафтан»):
– Задаволены тым, як мы адыгралі другі тайм, бо пасля выдалення прыйшлося перабудавацца. Праявілі ў гэтым матчы тое, чаго не хапіла ў папярэдніх, – характар.
Трывалі да канца, дзе нам крыху дапамагла
фартуна, паколькі супернік прыціснуў нас да сваіх варот. Зрэшты, гэта нармальна, калі больш за тайм праводзіш удзесяцёх. Удзячны камандзе за гэты адрэзак у меншасці. Перш за ўсё, у плане стаўлення да справы.

Алег Кубараў ( «Тарпеда-БЕЛАЗ»):
– Гульню мы маглі зрабіць яшчэ ў першыя пятнаццаць хвілін, калі мелі тры стоадсоткавых моманты. На жаль, футбол не даруе, і за такія памылкі карае. Падобны гол прапусцілі ад «Слуцка». Думаў, мы ўсё гэта разабралі, найгралі, гульцы ўспрынялі мае словы.
Нажаль, адны і тыя ж футбалісты наступаюць на адны і тыя ж граблі. Што ж, так бывае. Ёсць прэтэнзіі не толькі да тых, хто мае дачыненне да голу ў нашы вароты, але і да тых, хто не рэалізаваў верныя моманты. Да выдалення гулялі не горш, і моманты стваралі нават часцей. Выдаленне адыграла злы жарт. Неабходна спрабаваць лёгка перамагаць у такіх матчах, але … Як ёсць
.

понедельник, 11.09.2017 22:14
Актуальная інфармацыя

ФК “ТАРПЕДА-БЕЛАЗ” АБ’ЯЎЛЯЕ НАБОР
У ГРУПУ ПАДРЫХТОЎКІ 2010 г.н.

Пачатак заняткаў – верасень.

Звяртацца па тэлефонах:
+375 44 477 29 62 (Міхал Дзям’янавіч Русак, трэнер)
5 10 49 (Вадзім Міхайлавіч Бразоўскі, начальник аддзела развіцця маладзежнага футбола)

партнёры