Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Аўтазаводцы зноў нанеслі «крумкачам» буйное паражэнне

 

Практычна роўна год назад «Тарпеда-БЕЛАЗ» на сваім стадыёне абыграў ліха стартаваўшых ў вышэйшай лізе «Крумкачоў» з лікам 3:0. У гэтым сезоне справы ў «крумкачоў» ідуць не так гладка, аднак да сёмага тура буйных паражэнняў яны не ведалі. Але вось – зноў сустрэча ў Жодзіна, і кашмар для мінскай каманды паўтараецца.

Ігар Крывушэнка на пасляматчавай прэс-канферэнцыі запэўніў, што ніякага асаблівага настрою на «Крумкачоў» у яго каманды няма. І, мабыць, з гэтым варта пагадзіцца. Відавочна, што ў гэты чацвер у тарпедаўцаў быў вар’яцкі настрой на гульню па-за залежнасці ад апанента, і гэта спаўна адчулі заўзятары на стадыёне. «Тарпеда-БЕЛАЗ» гуляў з вялікім жаданнем, прычым з самых першых хвілін, і супернік проста апынуўся не гатовы супрацьстаяць такому націску.

Ужо на пятай хвіліне сустрэчы Камо Аганісян ў сваім фірмовым стылі прайшоў па правым фланзе і аддаў перадачу ў цэнтр штрафной, дзе Дзмітрый Рэкіш з лёту прабіў дакладна ў далёкі кут. Пасля гэтага, нібыта і не было гола, аўтазаводцы працягнулі наступ па ўсіх франтах, і добрыя моманты павялічыць адрыў у ліку былі ў Максіма Скавыша і Андрэя Хачатурана. А праз паўгадзіны лічбы на табло ўсё ж змяніліся ў выніку прыгожай і хуткай атакі гаспадароў поля: Валерый Фамічоў далёка выбіў ад варот, Міхаіл Афанасьеў пракінуў мяч на ход Максіму Скавышу, той у дотык зрабіў перадачу набягаўшаму ў штрафную Ягору Зубовічу і нападаючы галавой адправіў мяч з адскокам ад газона у сетку.

У перапынку Уладзіміру Пяценка атрымалася некалькі прывесці сваю каманду ў пачуццё – «Крумкачы» ужо не выглядалі такімі разабранымі, як у першым тайме, і часцей сталі з’яўляцца ў раёне тарпедаўскай штрафной. Аднак сітуацыя заставалася пад кантролем жодзінскай каманды і да непасрэднай пагрозы іх варотам справа практычна не даходзіла. Толькі раз мяч ледзь не заляцеў у сетку, але ў гэтым моманце Фамічова падстрахавалі партнёры па камандзе, а з іншымі нешматлікімі эпізодамі галкіпер без праблем разабраўся сам. А ўжо бліжэй да завяршэння матчу Максім Скавыш зняў усе пытанні, бездакорна прабіўшы галавой пасля падачы са штрафнога Дзмітрыем Рэкішам.

Для паўнаты карціны застаецца дадаць, што ў гэтым матчы дэбютаваў у афіцыйнай гульні за асноўны склад выхаванец жодзінскага футбола Ігнат Сідар, чыё з’яўленне на поле было з вялікім натхненнем успрынята трыбунамі.

ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – КРУМКАЧЫ ​​- 3:0
11 траўня, Жодзіна, стадыён «Тарпеда», 1020 гледачоў.

Суддзі: В.Шымусік, А.Вайцешонак, А.Кавалёў (усе – Асіповічы).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Фамічоў, Аганісян (Асані, 76), Панкавец (к), Шапавал, Рэкіш, Хачатуран, Скавыш (Сідар, 84), Зубовіч (Паўлюкавец, 68), Паўлавец, Імерэкаў, Афанасьеў.
Запасныя: Хаткевіч, Шчэрба, Гатагаў.
Крумкачы: Амельчанка, Глеб, Іваноў (Санец, 85), Талейка, Шыкаўка (Зуевіч, 85), Клімовіч (к), Скшынецкі, Бацішчаў, Крывулькін (Сямёнаў, 75), Калугін, Чалядзінскі.
Запасныя: Касцюкевіч, Трубачкін, Васілеўскі, Забун.
Галы: 1:0 – Рэкіш (5, пас – Аганісян). 2:0 – Зубовіч (34, пас – Скавыш). 3:0 – Скавыш (79-г, пас – Рэкіш).

Трэнерскія каментары:

Уладзімір Пяценка ( «Крумкачы»):
Хачу павіншаваць суперніка з перамогай. Яна абсалютна заслужаная. «Крумкачы» правалілі першы тайм, гулялі без жадання, без хуткасцяў, без агрэсіі. Звычайна падобнага пазбягаю, але сёння хачу папрасіць прабачэння перад заўзятарамі за паказанае ў першай палове. Гэта не было падобна на футбол. Пасля перапынку пагаварылі з хлопцамі, ужо спрабавалі нешта змяніць, аднак адыграць два мячы ў такой каманды як «Тарпеда» вельмі цяжка.

Ігар Крывушэнка ( «Тарпеда-БЕЛАЗ»):
Першы тайм у нашым выкананні быў дастаткова добрым: забілі два мячы і мелі магчымасці павялічыць перавагу яшчэ. Гэта футбол, да якога імкнемся. У распранальні папрасіў хлопцаў не пераставаць гуляць, бо 2:0 – небяспечны лік, не самы прыемны. Ужо не ўдавалася захаваць гэтак жа хуткі пераход з абароны ў атаку, затое, нарэшце, парадавалі стандарты. Ды і суперніку не далі шанцаў. Дзякую камандзе за гульню.

четверг, 11.05.2017 23:17
Актуальная інфармацыя

Юнацкае першынство Рэспублікі Беларусь

28 мая, Жодзіна, стадыён “Тарпеда” (штучнае поле)

13:00 – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – МІНСК (1999 г.н.)

партнёры