Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Дасягнулі мэты, але не выніку

 

Другая гульня за дзень павінна была даць адказ на пытанне аб фізічнай гатоўнасці каманды пасля двухтыднёвай працы пад нагрузкамі на вучэбна-трэніровачным зборы. І ў гэтым плане трэнерская задума апраўдалася – адпачыўшы пасля першага матчу толькі тры гадзіны, тарпедаўцы выйшлі на гульню супраць «Віцебска» калі не свежымі, то і не выказваючымі асаблівых прыкмет стомленасці. І сам паядынак прайшоў дастаткова дынамічна, без паўз і «адседак» ў абароне.

Пашкоджанні, атрыманыя ў гульні са «Слуцкам» Максімам Імерэкавым і Яўгенам Смалем, запатрабавалі ўнесці змены ў першапачатковую расстаноўку, не ламаючы самой схемы. Аляксей Панкавец зрушыўся ў цэнтр абароны, яго месца на флангу заняў Камо Аганнісян, а ў паўабарону «галоўнага» складу выйшаў Андрэй Салавей. А пасля зробленых у другім тайме замен на полі з’явіўся другі брат Макараў – Сцяпан. Поўны матч адыграў толькі Ягор Хаткевіч, паколькі Валерыя Фамічова яшчэ турбуе мікратраўма.

Як ужо было сказана, гульня праходзіла ў дынаміцы, і хоць па-сапраўднаму небяспечных момантаў было створана не так шмат, абаронцам абедзвюх каманд прыйшлося ўдосталь папрацаваць над нейтралізацыяй пагроз. У канцы першага тайма здавалася, што тарпедаўцы вось-вось даціснут суперніка, але «Віцебск» адбіўся, а перапынак некалькі збіў баявы настрой «чорна-белых». Аўтазаводцы ўжо рыхтаваліся рабіць планавыя замены «усе на ўсіх», калі ня ўсачылі за Салаўём-старэйшым.

Такім чынам, у чацвёртым паядынку асноўны склад «Тарпеда-БЕЛАЗа» усё ж такі прапусціў гол у свае вароты. Па іроніі лёсу, у гэтым самым матчы іх малодшыя таварышы згулялі «насуха», але гэта не дапамагло жодзінцам сысці ад паразы.

Другі матч гэтага дня атрымаўся больш змястоўным – было больш асэнсаваных дзеянняў, больш структурных нападаў. Пераканаліся, што каманда ўжо можа трымаць тэмпавыя нагрузкі на працягу шасцідзесяці хвілін. Парадавала, што моладзь не сапсавала агульнай карціны, – падвёў вынік спарынгу Ігар Крывушэнка.

4 лютага, Жодзіна, таварыскі матч.
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ВІЦЕБСК – 0: 1.
Гол: Салавей, 58.
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Хаткевіч, Аганнісян (61, Гатагаў), Панкавец (61, Сідар), Паўлавец (61, Джугір), Шчэрба (61, Бялко), Шапавал (61, Паўлюкавец), Салавей (61, С.Макараў), Хачатуран (61, А.Макараў), Рэкіш (61, Чарнуха), Афанасьеў (61, Бялевіч), Макась (61, Красноў).

суббота, 04.02.2017 21:29
Актуальная інфармацыя

Юнацкае першынство Рэспублікі Беларусь

1 мая, Жодзіна, стадыён “Тарпеда” (штучнае поле)

13:00 – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ГОМЕЛЬ (1999(98) гг.н.)
15:00 – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ГОМЕЛЬ (2000 г.н.)

партнёры