Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Добрая гульня, якая магла б быць выдатнай

 

У апошні дзень красавіка «Тарпеда-БЕЛАЗ», сапраўды, паказаў лепшую гульню на пройдзеным адрэзку чэмпіянату. Па змесце. Але не па выніку. Нічыя з «Дняпром» – гэта ўсё ж не тое, чаго чакалі тарпедаўскія заўзятары, і не тое, чаго на самай справе заслугоўвалі па гульні аўтазаводцы. Госці пакідалі Жодзіна ў добрым настроі, здолеўшы выстаяць перад націскам апанентаў, гаспадары ж не хавалі расчаравання, і было ад чаго. На працягу практычна ўсяго матчу тарпедаўцы дзейнічалі ярка выяўленым «першым нумарам», аказвалі моцны ціск на суперніка, стварылі масу галявых момантаў – і ні адзін не змаглі рэалізаваць.

Наўрад ці ў кагосці могуць узнікнуць прэтэнзіі да тарпедаўскіх гульцоў па самааддачы, да трэнерскага штаба – па тактыцы. Адчувалася, што суперніка вывучылі «ад і да», намацалі слабыя месцы, мэтанакіравана білі па «балявых кропках». Атакавалі няспынна, шырока і вынаходліва, наступалі пазіцыйна, прарываліся ў штрафную, разлічвалі не на ўдачу, а на ўменне. У некаторых момантах мяч проста цудам не трапляў у створ, а ў іншых – трэба аддаць належнае – бліскуча гуляў магілёўскі галкіпер Ігар Даўгяла. Білі па варотах Аляксандр Макась і Міхаіл Афанасьеў, Максім Скавыш і Кірыл Дарашэнка, Максім Імерэкаў і Аляксей Панкавец – нагамі і галавой, з блізкіх і далёкіх дыстанцый, простымі і кручанымі, са штрафных і кутніх. І ўсё безвынікова.

Не абышлося ў гэтым матчы без спрэчных момантаў. Яшчэ ў самым пачатку гульні паваліўся ў магілёўскай штрафной Міхаіл Афанасьеў, атрымаўшы па нагах ад абаронцы, але суддзя прапанаваў працягнуць гульню. Гэта не збянтэжыла «чорна-белых», толькі распаліла – і хвілін на дваццаць яны літаральна «прыціснулі» суперніка. Гэта быў доўгі адрэзак сапраўднага прыгожага футбола, які так па душы заўзятарам, і вельмі шкада, што такі футбол у выкананні сваёй каманды бачылі менш за тысячу чалавек. І вельмі шкада, калі астатнія складуць ўражанне па адным толькі выніковым пратаколе, у якім значацца «сумныя» нулі. Права жа, гэтая гульня была якой заўгодна, толькі не сумнай. І толькі адно не дазваляе назваць яе выдатнай – вынік.

ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – Днепр – 0:0.
30 красавіка, Жодзіна, стадыён «Тарпеда», 950 гледачоў.

Суддзі: С.Гараюцін, І.Спургяш (абодва – Мінск), А.Герасімук (Брэст).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Фамічоў, Аганісян, Панкавец (к), Шапавал, Макась, Дарашэнка (80, Рэкіш), Хачатуран, Скавыш (75, Зубовіч), Паўлавец, Імерэкаў, Афанасьеў (70, Асані).
Запасныя: Хаткевіч, Клапоцкі, Красноў, Шчэрба.
Днепр: Даўгяла, Рудюк, Олберкіс, Башлай, Габі, Цярэшчанка, Паўлаў (к), Бардукоў, Шрамчанка (54, Анцілеўскі), Чумак (, 85, Гевліч), Хотаў (83, Юрчанка).
Запасныя: Капанцоў, Лявіцкі, Рыбакоў, Зыль.
Папярэджанне: Башлай, 41.

Трэнерскія каментары:

Аляксандр Сяднёў ( «Днепр»):
– Вядома, мы прыехалі гуляць на перамогу. Але, напэўна, улічваючы тое, што адбывалася на полі, вынік на нашу карысць – мы набылі ачко. Матч спадабаўся, праходзіў у добрым тэмпе. На жаль, маёй камандзе не хапіла рацыянальных дзеянняў у нападзе. Некалькі футбалістаў дзейнічалі на няпрофільных пазіцыях, з-за чаго адчувалі сябе, мякка кажучы, няўтульна. Менавіта на гэтыя зоны «Тарпеда» і аказвала ціск. У спробах зачыніць моцныя бакі саперніка дапусцілі правалы на іншых участках поля. Зрэшты, у канцоўцы, калі абедзве каманды прытаміліся, «Днепр» не баяўся і бег у атаку. Хацелася б, каб такая філасофія была ўласцівая заўсёды. Ну і, натуральна, дзякую жодзінцам за мужчынскі і бескампрамісны футбол.

Ігар Крывушэнка ( «Тарпеда-БЕЛАЗ»):
– Сёння супрацьстаялі аднаму з лідэраў чэмпіянату, бо напярэдадні гэтага тура «Днепр» займаў другое-трэцяе месца. Зразумела, мелі вялікае жаданне абыграць магілёўцаў і абысці іх у турнірнай табліцы. Па якасці гульня была нядрэннай, нават пакуль лепшай для «Тарпеда» у сезоне. Адзінае, чаго не атрымалася, гэта забіць. Хоць момантаў стварылі дастаткова. Нажаль, падводзіў альбо апошні пас, альбо завяршальны ўдар. Што не дазволіла выйграць? Ці то ўдача, ці то майстэрства…

воскресенье, 30.04.2017 22:11
Актуальная інфармацыя

Лепшыя бамбардзіры чэмпіяната             

1. Міхаіл Гардзейчук (БАТЭ) – 18                            
2. Павел Савіцкі (Нёман) – 15
3. Баян Дубаіч (Гарадзея) – 12
3. Антон Сарока (Дынама-Мінск) – 12
4. Егор Зубовіч (Тарпеда-БЕЛАЗ) – 11              

Лепшыя асістэнты чэмпіяната     

1. Ігар Стасевіч (БАТЭ) – 11
2. Дзмітрый Рэкіш (Тарпеда-БЕЛАЗ) – 10
3. Эдгар Аляхновіч (Шахцёр) – 8
3. Мікалай Януш (Шахцёр) – 8
3. Дзмітрый Лебядзеў (Гарадзея) – 8     

партнёры