Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Дублёры прайгралі «Дняпру» з буйным лікам, двойчы паразіўшы ўласныя вароты

 

Дублюючы склад «Тарпеда-БЕЛАЗа», які набраў добры ход на старце першынства, нечакана буйна прайграў на сваім полі магілёўскаму «Дняпру» – 0:4.

Спасылкі на нешанцаванне пры падобным пройгрышы, зразумела, не прымаюцца. Аднак варта прызнаць, што ў гэты дзень Фартуна абыходзіла тарпедаўцаў бокам. Вядома, ні ў Саслана Гатагава, ні ў Яўгена Канашонка і ў думках не было біць па сваіх варотах, але першы няўдала скінуў варатару, другому ў момант заварухі ў штрафной прама на нагу прыляцеў мяч… А колькі удараў нанеслі тарпедаўцы па варотах «Дняпра» – і ўсе міма!

Якраз успомніць Андрэя Салаўя, які так недарэчы пайшоў у войска – яго адсутнасць відавочна адбівалася, бо ў чатырох папярэдніх гульнях ён паспеў накалаціць шэсць галоў. Можна пашкадаваць і аб пропуску гэтага матчу Іллёй Джугірам, яшчэ не паспеўшым вярнуцца з шэрагаў юніёрскай зборнай – абарона пры ім магла і не дапусціць столькі фатальных памылак. А зрэшты, магла і дапусціць, бо і без гэтай пары гульцоў у тарпедаўскім складзе хапала і дасведчаных, і ўмелых выканаўцаў, але чагосьці ім усім бракавала ў гэты дзень. Гулялі ў свой футбол, шмат атакавалі, не зніжалі тэмпу і не апускалі рук. Але ў выніку – разгромнае паражэнне. Значыць, нешта было не тое, значыць, нешта рабілі не так. Ёсць што разабраць, ёсць над чым папрацаваць, каб на далейшай дыстанцыі – а яна наперадзе яшчэ доўгая – не было такіх гнятлівых вынікаў.

29 красавіка, Жодзіна. Матч першынства дублёраў.
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (д) – Днепр (д) – 0:4.
Галы: 0:1 – Фядосаў, 25. 0:2 – Гатагаў, 30-аўта. 0:3 – Канашонак, 82-аўта. 0:4 – Кузьменка, 90+3.
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Сіліч, Бялко, Паўлюкавец (90, А.Каралёнак), Сідар, Гатагаў, Кулінковіч, С.Макараў (к), А.Макараў, Цурко (70, Канашонак), А.Красноў, Драчоў.
ДНЕПР: Паўлючэнка, Грэчыха, Казакоў, Гусеў (61, Бурнос), Фядосаў (66, Дарашэнка), Балтрушэвіч, Я.Красноў, Нячаеў (69, Пашкевіч), Карман (62, Кузьменка), Канцавы, Маскалёў.

суббота, 29.04.2017 17:52
Актуальная інфармацыя

ФК “ТАРПЕДА-БЕЛАЗ” АБ’ЯЎЛЯЕ НАБОР
У ГРУПУ ПАДРЫХТОЎКІ 2010 г.н.

Пачатак заняткаў – верасень.

Звяртацца па тэлефонах:
+375 44 477 29 62 (Міхал Дзям’янавіч Русак, трэнер)
5 10 49 (Вадзім Міхайлавіч Бразоўскі, начальник аддзела развіцця маладзежнага футбола)

партнёры