Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Гол Аляксандра Макася павышае шанцы аўтазаводцаў на выхад у паўфінал

 

Новы футбольны сезон у Жодзіна пачаўся дэ-факта, хоць дэ-юрэ з цырымоніяй адкрыцця вырашылі пачакаць да першага матчу чэмпіянату. Неяк не з рукі ладзіць свята на трэніровачным поле – а менавіта на сінтэтыцы «Тарпеда-БЕЛАЗ» прымаў у першым матчы чвэрцьфіналу Кубка Беларусі «Слуцк», паколькі на асноўным газоне яшчэ толькі прымаецца свежая трава. Тым не менш, першы афіцыйны матч у годзе прыцягнуў на стадыён нямала гледачоў – жодзінцаў не збянтэжыла ні сціпласць трыбуны штучнага поля, ні папярэджанні сіноптыкаў аб дажджы.

Дождж лупянуў з усёй мачы ў другім тайме, але за лічаныя хвіліны да непагадзі жодзінцам усміхнулася шчасце. Падача са штрафнога Аляксея Панкаўца прыйшлася ў самую гушчу гульцоў, а там удала падставіў нагу Яўген Клапоцкі, і Аляксандр Макась увагнаў адскочыўшы да яго мяч у сетку. Трыбуна з палёгкай выдыхнула – усю першую палову матчу тарпедаўцы хоць і дзейнічалі больш упэўнена і небяспечна, але ніяк не маглі прабіць слуцкую абарону. Ужо тады, да перапынку, той жа Макась вылучаўся актыўнасцю, але яго ўдары парыраваў варатар і блакавалі абаронцы, самога Аляксандра ссякалі з ног на ўваходзе ў штрафную … Прымяраліся і Максім Скавыш, і Ягор Зубовіч, а на табло ўсё гарэлі нулі. А такі расклад ніяк не цешыў каманду гаспадароў.

Пасля забітага мяча стала лягчэй, але ненадоўга. Спярша абваліўшыйся з неба струмень прыкметна ўскладніў і камбінацыйную гульню, і індывідуальныя дзеянні футбалістаў. А потым «Тарпеда-БЕЛАЗ» застаўся ў меншасці, пасля таго як Максім Імерэкаў паклаў на газон ўцякаўшага сам-насам з брамнікам Сеніна Себаі і ўбачыў перад сабой другую жоўтую картку. Прыйшлося разменьваць атакавалага гульца на абаронцу, перабудоўвацца і больш думаць аб захаванасці сваіх варот, чым аб узяцці чужых. Зрэшты, абараняючыся, тарпедаўцы не гублялі магчымасці для контратак. Гэтаму асабліва спрыяў выхад Камо Аганісяна. Случчакі спачатку недаацанілі хуткасныя дадзеныя армянскага легіянера, але калі ўбачылі, якім метэорам лётае Камо па полі, наскоквалі на яго ўтрох, абы не выпусціць. Так, у пагоні за Аганісянам, і прайшоў час. Удар «Слуцка» са штрафнога над ашэсткам і хвосткія стрэлы Андрэя Хачатурана і Уладзіміра Шчэрбы таксама над варотамі – гэтыя моманты паказыталі нервы, але не змянілі парадку рэчаў. «Тарпеда-БЕЛАЗ» атрымаў перамогу і стаў на крок бліжэй да паўфіналу.

ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – СЛУЦК – 1:0
15 сакавіка, Жодзіна, штучнае поле стадыёна «Тарпеда», 750 гледачоў.

Суддзя: Д.Доля (Гродна).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Фамічоў, Клапоцкі, Панкавец, Шапавал, Макась (Рэкіш, 72), Хачатуран, Скавыш (Аганісян, 66), Зубовіч (Паўлавец, 76), Імерэкаў, Шчэрба, Афанасьеў.
Запасныя: Хаткевіч, Асані, Салавей, Джугір.
СЛУЦК: Панкратаў, Вобразаў, Каршакевіч, Ан. Залескі, Быліна, Ауіе (Рушніцкі, 76), Д.Шчэгрыковіч, Думбія (Сафонаў, 72), Яцкевіч, Юсаў, Себаі.
Запасныя: Дудар, Былінкін, Кібук, С.Шчэгрыковіч, Бабко.
ГОЛ: 1:0 – Макась (48).
ПАПЯРЭДЖАННІ: Імерэкаў (54), Вобразаў (83).
ВЫДАЛЕННЕ: Імерэкаў (74).

Трэнерскія каментары:

Алег Кузьмянок, старшы трэнер ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ»:
– Добры матч, для нас цяжкі. У першым тайме футбалісты прыкметна хваляваліся: усё-ткі першы матч у сезоне праводзілі перад роднымі заўзятарамі. У перапынку папрасілі хлопцаў разняволіцца. Станоўчы момант бачым у тым, што нават у меншасці, калі хлопцы былі ў стрэсавым стане, яны не страцілі канцэнтрацыю і давялі справу да перамогі.

Віталь Паўлаў, галоўны трэнер СФК «Слуцк»:
– Мы ведалі, што нас чакае ў Жодзіна. Прыйшлося змяніць тактыку з-за траўмаў двух футбалістаў. Першапачаткова збіраліся гуляць ад абароны, так яно і выйшла ў выніку. Гульня атрымалася баявой.
Футбалісты гулялі карэктна і паважліва ў адносінах адзін да аднаго. У пачатку другога тайма не разабраўся – трэба глядзець паўтор, што там адбылося ў эпізодзе з гол
ам. Прапушчаны мяч выбіў нас з каляіны. У канцы сустрэчы, гуляючы ў большасці, мы павінны былі гуляць флангамі. Не атрымалася. У тых момантах, што мы стваралі, футбалістам не хапіла выканальніцкага майстэрства.

среда, 15.03.2017 22:01
Актуальная інфармацыя

Юнацкае першынство Рэспублікі Беларусь

28 мая, Жодзіна, стадыён “Тарпеда” (штучнае поле)

13:00 – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – МІНСК (1999 г.н.)

партнёры