Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна
  • «Шахцёр» пераможаны, гонка працягваецца!
    Падрабязнее
  • Іван Канавалаў, Міхаіл Калугін і Ян Афі правялі ўрок футбола ў СШ №5
    Падрабязнее
  • З Алегам Кубаравым заключаны доўгатэрміновы кантракт
    Падрабязнее

Гульнёй з “Іслаччу” пачынаем новы чэмпіянат

 

Вось і настаў час новага чэмпіянату – у суботу ў рамках першага тура «Тарпеда-БЕЛАЗ» на хатнім стадыёне будзе прымаць «Іслач». Скажуць сваё слова ганаровыя госці, падымуць сцяг капітаны каманд і свісток суддзі Уладзіміра Ішчанка дасць старт новым надзеям, якімі нам усім наканавана жыць некалькі месяцаў. Перагартнута кубкавая старонка – недапісаная, запэцканая тоўстай кляксай – пачынаем з чыстага ліста; а якія запісы лягуць на яго – паглядзім.

Звычайна на старце ўсе роўныя, але так ужо атрымалася, што заўтрашні супернік аўтазаводцаў уступае ў чэмпіянат у ролі таблічнага аўтсайдэра. Мінус сем ачкоў – такую расплату футбольныя улады прызначылі за ўдзел шэрагу футбалістаў «Іслачы» ў маніпуляванні вынікамі гульняў. Няпроста будзе клубу з Мінскага раёна скараціць такое адставанне, «ваўкам» у што б там ні стала трэба «ірваць» прама са старта. Істотна абнавіўся склад, не ўсё было гладка з перадсезоннай падрыхтоўкай, але з лагера «Іслачы» вее аптымізмам, і наўрад ці ён заснаваны на адной толькі бравадзе.

Леташнія пачаткоўцы вышэйшай лігі і ў мінулым сезоне добра «пашумелі», і ўжо каму, як не «Тарпеда-БЕЛАЗу» гэта ведаць. Мабыць, менавіта параза ў Маладзечне нанесла аўтазаводцам максімальную шкоду на фінішы сезону, у выніку не дазволіўшы падняцца вышэй пятага месца. У тым кастрычніцкім матчы тарпедаўцы прайгралі з лікам 2:3 – два мячы адправіў у іх вароты экс-аднаклубнік Генадзь Блізнюк, яшчэ адзін гол забіў Антон Бубноў. Адказаўшага двумя галамі Цярэнція Луцэвіча ў складзе жодзінцаў ужо няма, а вось Блізнюк і Бубноў зноў гатовы навязаць барацьбу «Тарпеда-БЕЛАЗу». У хатнім паядынку першага круга аўтазаводцы таксама не змаглі перайграць «ваўкоў», задаволіўшыся нічыёй 1:1. У той раз гол у вароты «Іслачы» забіў Максім Скавыш, а адказаў Аляксандр Алумона – пасля адзін з фігурантаў «справы аб дагаварняках».

І ўсё ж, гэтыя падзеі – ужо гісторыя. Чаго варта «ачысцушаяся» «Іслач», на што будуць здольны ў чэмпіянаце «выляцеўшы» з Кубка «Тарпеда-БЕЛАЗ» – пра гэта мы даведаемся ўжо заўтра. Запрашаем усіх жодзінскіх заўзятараў на гульню першага тура, матч-адкрыццё новага чэмпіянату! Стартавы свісток прагучыць у суботу, 1 красавіка, у 16:00. Квіткі ўжо ў продажы ў пункце пракату стадыёна «Тарпеда», заўтра – у касе.

А сёння пачынаецца новае першынство дублёраў. Іх гульня з «Іслаччу» адбудзецца на поле са штучным пакрыццём стадыёна «Тарпеда» у 17:30.

пятница, 31.03.2017 11:23
Актуальная інфармацыя

Лепшыя бамбардзіры чэмпіяната             

1. Міхаіл Гардзейчук (БАТЭ) – 18                            
2. Павел Савіцкі (Нёман) – 14
3. Антон Сарока (Дынама-Мінск) – 12
4. Егор Зубовіч (Тарпеда-БЕЛАЗ) – 11              

Лепшыя асістэнты чэмпіяната     

1. Ігар Стасевіч (БАТЭ) – 11
2. Дзмітрый Рэкіш (Тарпеда-БЕЛАЗ) – 10
3. Эдгар Аляхновіч (Шахцёр) – 8
3. Мікалай Януш (Шахцёр) – 8     

партнёры