Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Ігар Крывушэнка: «На дадзеным этапе я не бачу нейкіх вялікіх складанасцяў у сумяшчэнні»

 

Сёння адбылася першая прэс-канферэнцыя Ігара Крывушэнка ў якасці выконваючага абавязкі галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі. Некаторыя пытанні, у прыватнасці, тычыліся момантаў сумяшчэння Ігарам Мікалаевічам працы ў зборнай і ў нашым клубе. Напэўна адказы на іх цікавяць і тарпедаўскіх заўзятараў.

Пра тое, ці паўплывае праца ў зборнай на працу ў «Тарпеда-БЕЛАЗе»

– На дадзеным этапе нейкіх вялікіх складанасцяў у сумяшчэнні я не бачу. У мяне дастаткова кваліфікаваны штаб у Жодзіна і, спадзяюся, гэтак жа кваліфікаваны штаб будзе ў зборнай, у які ўвойдуць Алег Кузьмянок, які дапамагае мне ў Жодзіна, ведае мае патрабаванні, з якім у нас ёсць пэўная прыцёртасць, а таксама Андрэй Сацункевіч і Валерый Стрыпейкіс.

Пра тое, як паставілася да запрашэння Ігара Мікалаевіча ў зборную кіраўніцтва «Тарпеда-БЕЛАЗа»

– Кіраўніцтва паставілася з разуменнем – гэта самы галоўны момант. Вырашылі, што гэта разумны кампраміс, што клубу гэта ніяк не нашкодзіць, і Пётр Аляксандравіч Пархомчык даў «дабро» на маю працу ў зборнай.

Пра тое, хто будзе працаваць з «Тарпеда-БЕЛАЗам» ў тыя перыяды, калі Ігар Крывушэнка і Алег Кузьмянок будуць знаходзіцца ў зборнай

– Перад гульнямі зборнай, як правіла, ёсць магчымасць даць камандзе два-тры дні выходных пасля чарговага тура, а потым хлопцы займаюцца ў тыднёвым цыкле. Улічваючы тое, што ў нас у клубе працуюць Ігар Тарлоўскі і Андрэй Зыгмантовіч – таксама досыць кваліфікаваныя людзі, з гэтым я праблем не бачу. Заўсёды ёсць магчымасць скласці план падрыхтоўкі, якому яны проста будуць прытрымлівацца ў маю адсутнасць.

Пра тое, ці павысіліся шанцы патрапіць у зборную ў Валерыя Фамічова, які пасля леташняга фіналу Кубка Беларусі перадаў «палымянае прывітанне» экс-трэнеру зборнай Аляксандру Хацкевічу

– Па-першае, спадзяюся, што ён перадасць палымянае прывітанне і мне ў гэтым годзе. А наогул, я ўжо казаў, што ў Валеры ёсць добрыя якасці і добрыя дадзеныя, але яму крыху не хапае стабільнасці. І калі ён будзе стабільны, будзе годны выкліку ў зборную – чаму не? Але па знаёмстве, «па блаце» у футбол не гуляюць.

пятница, 03.03.2017 17:03
Актуальная інфармацыя

ФК “ТАРПЕДА-БЕЛАЗ” АБ’ЯЎЛЯЕ НАБОР
У ГРУПУ ПАДРЫХТОЎКІ 2010 г.н.

Пачатак заняткаў – верасень.

Звяртацца па тэлефонах:
+375 44 477 29 62 (Міхал Дзям’янавіч Русак, трэнер)
5 10 49 (Вадзім Міхайлавіч Бразоўскі, начальник аддзела развіцця маладзежнага футбола)

партнёры