Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна
  • Запрашаем на матч завяршэння сезону!
    Падрабязнее
  • «Шахцёр» пераможаны, гонка працягваецца!
    Падрабязнее
  • Іван Канавалаў, Міхаіл Калугін і Ян Афі правялі ўрок футбола ў СШ №5
    Падрабязнее

Гісторыя клуба

Чэмпіянаты БССР

Упершыню жодзінская футбольная каманда выступіла ў чэмпіянаце БССР у далёкім 1962 годзе. «Ракета», а менавіта так яна называлася, стартавала няўдала: у 16 матчах – толькі адна нічыя з лідскім «Чырвоным Сцягам» і 15 паражэнняў з розніцай мячоў 12-54. У сваёй зоне «Ракета» заняла перадапошняе месца, паколькі баранавіцкі «Салют» зняўся са спаборніцтваў пасля першага круга. Стыкавы матч за 17 месца не адбыўся, паколькі гомельскі «Лакаматыў» не з’явіўся на гульню.

З няўдалага дэбюту былі зроблены высновы, і некалькі наступных сезонаў гарадская каманда гуляе толькі на першынство вобласці. І толькі ў 1967 годзе на рэспубліканскую арэну зноў выходзіць жодзінская каманда – зараз ужо «Аўтазаводзец». Прыйшлося пачынаць з другой групы. Патрапіўшы ў першую падгрупу, жодзінцы з 4 перамогамі і 4 нічыімі занялі толькі 6 месца з 8, а ў стыкавых паядынках за 11 месца саступілі па суме двух гульняў (0:1; 2:2) «Нафтавіку» з Мазыра.

Наступны сезон аказаўся больш паспяховым – 4 месца сярод 11 калектываў. Ўпершыню і розніца мячоў стала станоўчай – 28-16, і стыкавы паядынак прынес перамогу. Сёмае месца аўтазаводцы заваявалі ў двубоі (0:0, 3:1) з мінскім «Трактарам».

Станоўчая дынаміка прадоўжылася і ў 1969 годзе. Менавіта з гэтага сезону каманда атрымала назву, якая стала ўжо гістарычнай – «Тарпеда». Жодзінцы ўпэўнена занялі першае месца ў другой зоне другой групы, атрымаўшы 14 перамог, тройчы згуляўшы ўнічыю і толькі аднойчы прайграўшы. Таксама паспяхова скончыліся і дадатковыя гульні за выхад у першую групу – набраўшы 8 ачкоў у 6 матчах, «Тарпеда» абыйшло ваўкавыскі «Труд» і мінскія «Трактар» і «Арбіту», і стала першым.

1970 год стаў для тарпедаўцаў дэбютным у першай групе і адразу ж прынес поспех. У 16 гульнях нашы футбалісты набралі 24 ачкі, на 3 ачкі апярэдзіўшы «Спадарожнік» з Мінска і на 4 – «Будаўнік» з Бабруйска, і сталі чэмпіёнамі. Асабліва паспяхова выступалі аўтазаводцы дома, дзе атрымалі 7 перамог і толькі аднойчы згулялі ўнічыю. Вось хто каваў першую перамогу: А.Вагін, К.Калько, В.Гарадзецкі, А.Ліс (к), В.Валынцаў, Б.Янушкоўскі, В.Емяльянаў, А.Варлакоў, В.Ерахавец, Л.Ерахавец, А .Крюкаў, В.Грэкаў, В.Брыла, Л.Жэлкевіч, В.Базылеў, Ю.Ржэўцкі, Л.Прашко, В.Бабіцкі, А.Мельнікаў, Е.Вашкевіч, А.Салабаеў.

Наступны, 1971 год ізноў стаў для «Тарпеда» «залатым». Нашы гульцы ў 22 матчах набралі 37 ачкоў, пры цудоўнай розніцы мячоў – 50-11. І зноў аўтазаводцы былі нястрымныя дома: 11 перамог і 1 нічыя. І гэта нядзіўна пры наймацнейшай падтрымцы балельшчыкаў – 39.800 гледачоў (рэкорд чэмпіянату). Другое чэмпіёнства здабывалі: Вагін, Янушкоускі, Ліс (к), Жэлкевіч, А.Пазняк, В.Ерахавец, Л.Ерахавец, Емяльянаў, Чаплыгін, Варлакоў, Крукаў, Валынцаў, Гарадзецкі, А.Чаплыгін, А.Чычэрын, Прашко, Ремін, Калько, Базылёў.

Зрабіць «хет-трык» у наступным сезоне не ўдалося – усяго на два ачкі тарпедаўцаў абагнаў бабруйскі «Будаўнік». Жодзінцам адгукнулася нічыя з аўтсайдарам з Пінска і параза ад «Спадарожніка». Як вынік – сярэбраныя ўзнагароды.

1973 год прынёс толькі сёмае месца. У 22 гульнях каманда набрала толькі 20 ачкоў.

Сезон-1974 прайшоў крыху па іншай схеме: 3 зоны па 10 каманд. «Тарпеда» выступала ў першай і заняло трэцяе месца. У 18 гульнях набрана 24 ачкі. Пры гэтым аўтазаводцы атрымалі самую буйную перамогу ў чэмпіянаце – 8:0 над мазырскім «Будаўніком».

Эксперыменты над рэгламентам працягнуліся і ў 1975 годзе. Каманды былі падзеленыя на дзве групы. Па тройцы лепшых каманд з кожнай групы і павінны былі ў стыкавых матчах вызначыць чэмпіёна. Спачатку тарпедаўцы сталі другімі з дзевяці ў першай частцы чэмпіянату. У фінальным турніры у 6 матчах яны набралі 14 ачкоў, саступіўшы толькі адно ачко мінскаму «Дынама» і бабруйскаму «Будаўніку», аднак «бронза» напэўна стала слабым суцяшэннем. 7 жніўня 1975 года ў прысутнасці трох тысяч гледачоў у нашым горадзе «Тарпеда» прымала будучага чэмпіёна, і ў займальнай барацьбе гульня завяршылася ўнічыю – 2:2. Мячы ў вароты Курбыка забілі Суркоў і Прашко. А вось як выглядаў поўны склад аўтазаводцаў: Вагін, Пазняк, Ліс, Сінякевіч (74, Базылеў), Волах, Гоман, Емяльянаў, Розум (75, Варлакоў), Калешылаў, Суркоў, Прашко.

З 1976 года ўсе каманды чэмпіянату БССР сталі дзяліцца на дзве зоны па тэрытарыяльнай прыкмеце. Тарпедаўцы ўпэўнена занялі першае месца, набраўшы ў 18 матчах 30 ачкоў. Напэўна, трэба нагадаць, што ў тыя гады за перамогу налічвалась два ачкі. Аднак у фінальным турніры занялі толькі пятае месца. Цікава, што адразу тры каманды набралі па 15 ачкоў, але ў аўтазаводцаў апынулася горшая розніца мячоў, чым у мінскіх «Тарпеда» і «Спадарожніка».

Наступны сезон таксама апынуўся безмедальным. Заняўшы 4 месца (з 11 каманд) у сваёй другой зоне, тарпедаўцы ўсё ж прабіліся ў фінальны турнір. Цікава, што сярэдняя выніковасць жодзінцаў на гэтым этапе склала 2,5 мяча за гульню. У фінальнай пульке, набраўшы ў 14 матчах 13 ачкоў, аўтазаводцы занялі 6 месца.

1978 год. Жодзінцы сталі другімі ў сваёй зоне, атрымаўшы 11 перамог, 7 разоў згуляўшы ўнічыю і толькі двойчы прайграўшы. Аднак у паядынку наймацнейшай васьмёркі ім не пашанцавала. 15 набраных ачкоў у 14 матчах, на жаль, не хапіла для заваёвы нават «бронзы». Аршанскі «Тэмп», які стаў трэцім, набраў на 2 ачкі больш.

Наступны год ізноў не прынес медалёў. 3 месца з 29 ачкамі ў другой зоне паслужыла пропускам у чарговы фінальны турнір. І зноў двух ачкоў не хапіла тарпедаўцам для ўзыходжання на п’едэстал. 14 ачкоў у 14 матчах, ды яшчэ пры адмоўнай розніцы мячоў 17-20 забяспечылі толькі 6 месца. Трэба толькі адзначыць, як станоўчы момант, усталяванне аўтазаводцамі рэкорду выніковасці чэмпіянату – 8:0 – перамога над смаргонскай «Віліяй».

Дзесяцігоддзе першага чэмпіёнства жодзінцы адзначылі па-сапраўднаму – заваяваннем першага месца. Спачатку ў год маскоўскай Алімпіяды яны першынствавалі ў другой зоне, набраўшы разам з «Шыннікам» па 30 ачкоў і апярэдзіўшы бабруйчан па розніцы мячоў. У фінальным турніры разгарнулася зацятая барацьба, у якой ніхто не пазбег паражэнняў. І зноў найбольш грозным супернікам «Тарпеда» апынуўся «Шыннік», які ў выніку набраў 17 ачкоў. Жодзінцы змаглі абагнаць бабруйчан на адно ачко, але і гэтага хапіла, каб стаць чэмпіёнамі. «Золата» для Жодзіна здабывалі: С.Фурман, В.Ерахавец, В.Капцелевіч, П.Розум, В.Базылеў, Б.Гоман, П.Лазарчык, І.Кавалёнак, Л.Прашко, В.Лашкароў, А.Ліс , Д.Шэршань, В.Валынцаў, Ф.Пазняк, В.Шанікаў.

Наступны сезон – 1981 года – зноў стаў чэмпіёнскім. Аднак дасталіся медалі нялёгка. У сваёй першай зоне аўтазаводцы сталі толькі трэцімі з 32 ачкамі ў 22 матчах. І гэта пры звышвыніковасці – 2,7 мяча за гульню і адразу двух рэкордах – 10:0 у паядынку са слуцкай «Случчу» і 16:0 (!) у матчы з жыткавіцкім «Меліяратарам». Але ў фінальнай пульцы ніхто не змог абысці «Тарпеда». 9 перамог і 2 нічыіх у 14 матчах хапіла для таго, каб заваяваць «золата». Чэмпіёнскі склад выглядаў так: С.Фурман, А.Ліс, П.Лазарчык, Л.Прашко, А.Чэрнік, В.Пашкоў, Ф.Пазняк, В.Капцелевіч, І.Кавалёнак, Б.Гоман, П.Розум, Л .Пісараў, В.Лашкароў, П.Пахоменка, А.Казлоускі, В.Геваркян.

З 1982 года было вырашана фінальных турніраў больш не праводзіць, а пасля матчаў у двух зонах – толькі стыкавыя гульні. Так, жодзінцы ў сваёй зоне занялі другое месца, толькі ачко саступіўшы будучаму чэмпіёну – сваім магілёўскім аднаклубнікам. А ў вырашальным матчы за «бронзу» аўтазаводцы апынуліся мацней салігорскага «Шахцёра».

У 1983 году занальны этап «Тарпеда» ізноў завяршыла на другім месцы, пры гэтым забіўшы ў 22 гульнях 40 мячоў, а прапусціўшы ўсяго 10. А вось «бронза» гэтым разам аўтазаводцам не далася: дома яны адолелі менскую «Арбіту» 2:1 , але ў сталіцы саступілі 0:4.

Новы сезон зноў не даў падставы для радасці. Набраўшы 28 ачкоў у 22 гульнях, аўтазаводцы занялі ў сваёй другой зоне толькі чацвёртае месца. Спроба заняць агульнае сёмае месца таксама апынулася няўдалай: нулявая нічыя дома з мінскім «Буравеснік» і параза ў гасцях 1:2.

1985 год прымусіў жодзінскіх заўзятараў узгадаць «залатыя» часы. Нягледзячы на ​​два паражэнні і пяць нічыіх, тарпедаўцы занялі першае месца ў сваёй зоне пры цудоўнай розніцы мячоў: 49-13. Супернікам у матчах за першае месца апынуліся футбалісты з Ліды. Каманды абмяняліся перамогамі на сваіх палях – 2:1 і 0:2. Забіты мяч на полі саперніка, на жаль, стаў «залатым» для «Абутніка».

Наступныя тры сезоны аўтазаводцы «радавалі» сваіх прыхільнікаў стабільнасцю – усяго толькі пятыя месцы ў сваёй зоне. У 26 матчах яны набралі, адпаведна: 1986 год – 35 ачкоў, 1987 год – 31 ачко, 1988 год – 29 ачкоў. Гэтак жа няўдала складваліся і стыкавыя паядынкі. Спачатку двойчы згуляўшы ўнічыю з гомельскім «Спартаком» 0:0 і 2:2, жодзінцы па пенальці саступілі 4:3. У наступным годзе іх апярэдзіў віцебскі СКБ – 1:0 і 3:3. І толькі 1988 год прынес дзевятае месца. Супернікам жодзінцаў зноў апынуўся СКБ. Віцябляне перамаглі дома 4:2, аднак на паядынак у адказ не з’явіліся.

1989 год прынес новыя змены. Жодзінская каманда атрымала новую назву – «БелАЗ». Змянілася і сістэма правядзення чэмпіянату. Усе каманды строга па спартыўнай прыкмеце былі падзеленыя на дзве лігі. «БелАЗ» па гэтым параметры апынуўся ў першай лізе і да апошняга, 30-га тура прэтэндаваў на прызавую тройку. У выніку не хапіла ўсяго аднаго ачка да «бронзы». 39 ачкоў і чацвёртае месца. Розніца мячоў: 35-28.

Наступны сезон каманда скончыла на сёмым месцы. Восем паражэнняў і дзесяць нічыіх не далі магчымасці падняцца вышэй у табліцы чэмпіянату.

1991 год – дзесятае месца: 27 ачкоў, набраных у 28 гульнях.

Чэмпіянаты Рэспублікі Беларусь

У 1992 годзе стартаваў першы суверэнны чэмпіянат Рэспублікі Беларусь. Жодзінцы разам з лепшымі беларускімі камандамі патрапілі ў сфармаваную з 16 калектываў вышэйшую лігу. Гульні праходзілі ў адзін круг. Пяць перамог дазволілі «БелАЗу» заняць трынаццатае месца.

Другі нацыянальны чэмпіянат праходзіў ужо па сістэме «восень-вясна». Атрымаўшы ўсяго дзве вікторыі і толькі чатыры разы згуляўшы ўнічыю, пры жудаснай розніцы мячоў 17-68, жодзінская каманда заняла апошняе, 16-е месца і «вылецела» у першую лігу.

Старт у сезоне 1993/94 ў першай лізе удалым не назавеш. Восем перамог у 28 гульнях пры адмоўнай розніцы мячоў, і толькі 8-е месца.

Наступны сезон, нягледзячы на ​​11 перамог і станоўчую розніцу мячоў 37-35, прынес аўтазаводцам ўжо 10-е месца.

 

Пяты чэмпіянат, у сувязі з вяртаннем да розыгрышу па сістэме «вясна-восень», праводзіўся ў адзін круг. З пятнаццаці ўдзельнікаў толькі чацвёра выступілі горш жодзінцаў – 11 месца з 15 ачкамі.

1996 год прынес трохі больш падстаў для радасці. Сёмае месца пры станоўчым балансе мячоў 24-20.

Наступныя два сезоны вельмі падобныя адзін на аднаго, а галоўнае – аднолькавы вынік: 5-е месца. У 1997 годзе для гэтага хапіла 14 перамог і 8 нічыіх пры сярэдняй выніковасці за гульню 1,25. А вось у 1998 годзе было набрана на 5 ачкоў больш (55) і рэзка падняўся паказчык выніковасці – 1,93 мяча за гульню.

9-й і 10-й чэмпіянаты ў выкананні «Тарпеда» таксама можна назваць блізнятамі. Практычна аднолькавая колькасць набраных ачкоў (адпаведна, 44 і 45) і, як следства, ідэнтычны вынік – 7-е месца.

Пачатак XXI стагоддзя апынуўся для жодзінцаў шчаслівым. Яны, толькі пры чатырох паразах, упэўнена занялі першае месца ў першай лізе пры цудоўнай розніцы мячоў: 56-13.

Дэбют у вышэйшым дывізіёне ў 2002 годзе прынёс высокае 5-е месца.

У 13-м чэмпіянаце тарпедаўцы набралі на 6 ачкоў больш, чым у папярэднім, аднак гэты вынік (49 ачкоў) дазволіў ім заняць толькі 6-е месца.

У наступным сезоне «Тарпеда» атрымала 19 перамог (рэкорд!) і толькі двойчы згуляла ўнічыю, набраўшы рэкордныя пакуль 59 ачкоў у 30 гульнях, але спынілася ў адным кроку ад п’едэстала.

Сезон-2005 выдаўся яшчэ больш інтрыгуючым. 25 тураў жодзінцы знаходзіліся ў тройцы лідэраў, аднак параза ў апошняй гульні ад МТЗ-РІПА зноў пакінула іх толькі на 4-м месцы. Вынік – 14 перамог, 5 нічыіх і 7 паражэнняў – 47 ачкоў.

У сезоне-2006 клуб адчуваў пэўныя праблемы, у выніку чаго каманда доўгі час знаходзілася ў зоне вылету. Але змены ў трэнерскім штабе і мабілізацыя гульцоў дазволілі выправіць становішча, і «Тарпеда» фінішавала на 11-м месцы з 30-ю ачкамі (7 перамог, 9 нічыіх, 10 паразаў).

2007-ы стаў годам ўздыму «Тарпеда». Добры падбор гульцоў, роўнае фінансаванне і адчайная падтрымка заўзятараў зрабілі сваю справу – жодзінскі клуб да апошняга тура змагаўся за месца ў прызавой тройцы. На жаль, аўтазаводцы зноў спыніліся за крок ад п’едэстала – 4-е месца з 43 ачкамі (11 перамог, 10 нічыіх, 5 паразаў).

У 2008 годзе ў жодзінцаў зноў спад. Каманда займае толькі 13-е месца з 16-ці каманд.

 

Наступны год – становішча выраўноўваецца. Тарпедаўцы фінішуюць восьмымі, хоць і каманд у вышэйшай лізе становіцца 14.

2010 год становіцца ледзь ці не самым супярэчлівым у гісторыі клуба. «Тарпеда» разгромна прайграе барысаўскаму БАТЭ ў фінале Кубка краіны з лікам 5:0, але, як фіналіст, трапляе ў розыгрыш Лігі Еўропы, дзе ў першым кваліфікацыйным раўндзе праходзіць ісландскі «Фалкірк», а ў другім па суме двух сустрэч саступае сербскаму АФК. Але годны па беларускіх мерках першы еўракубкавы досвед ладна сапсаваны нікуды не вартым выступам у чэмпіянаце – тарпедаўцы фінішуюць перадапошнімі з 12 удзельнікаў нацыянальнага першынства. Балазе, у пераходных гульнях ім удаецца абыграць СКВІЧ і застацца ў вышэйшай лізе.

У 2011 годзе – новы пералом, на гэты раз у лепшы бок. У склад заснавальнікаў клуба ўваходзіць ААТ «БелАЗ» і атрымлівае кантрольны пакет, з прычыны чаго рэзка паляпшаецца фінансавы стан «Тарпеда». Дакладней, зараз ужо «Тарпеда-БелАЗа» – галоўны заснавальнік і генеральны спонсар стаў яшчэ і тытульным. Чэмпіянат жодзінцы завяршаюць на цалкам мажорнай ноце – на шостым месцы, і адразу ж пачынаецца перабудова складу – узяты курс на амаладжэнне каманды.

Аднак 2012 год выходзіць вельмі няўдалым – новы, па сутнасці, склад каманды не апраўдвае чаканняў. Па ходу сезона адбываюцца дзве трэнерскія адстаўкі, фінішуе «Тарпеда-БелАЗ» на апошнім месцы і толькі ў пераходных матчах адваёўвае права застацца ў вышэйшай лізе.

У 2013 годзе з новым трэнерскім штабам і абноўленым складам «Тарпеда-БелАЗ» дастаткова ўпэўнена праходзіць турнірную дыстанцыю і фінішуе на пятым месцы.

У 2014 годзе камандзе ўдаецца паўтарыць сваё найлепшае дасягненне ў чэмпіянатах Беларусі – чацвёртае месца. Толькі дадатковыя паказчыкі не дазваляюць аўтазаводцам падняцца на п’едэстал.

Складаным выдаўся для тарпедаўцаў 2015 год. Дзякуючы леташняму чацвёртаму месцу каманда другі раз у сваёй гісторыі атрымлівае права выступаць у Лізе Еўропы, аднак у першым жа раўндзе не можа прайсці албанскі «Кукесі» (0:2, 0:0) і выбывае з розыгрышу. Не ладзяцца справы і ў чэмпіянаце – вынікам сезона становіцца толькі сёмае месца.

У 2016 год уступае моцна абноўленая каманда – з леташняга складу застаецца толькі некалькі чалавек. Тым не менш, за кароткі час трэнерскаму штабу атрымоўваецца паставіць камандную гульню і вось – трыумф – «Тарпеда-БелАЗ» заваёўвае свой першы ў суверэннай гісторыі Кубак Беларусі, а з ім і права гуляць у еўракубках. У Лізе Еўропы аутазаводцы таксама выступаюць неблага – праходзяць венгерскі «Дэбрэцэн», на сваім поле гуляюць унічыю с аўстрыйскім «Рапідам» і толькі ў Вене атрымоўваюць паразу, пасля якой скончваюць свой шлях у Лізе Еўропы 2016/17. Чэмпіянат каманда завяршае на пятым месцы.

Актуальная інфармацыя

Лепшыя бамбардзіры чэмпіяната             

1. Міхаіл Гардзейчук (БАТЭ) – 18                            
2. Павел Савіцкі (Нёман) – 14
3. Антон Сарока (Дынама-Мінск) – 12
4. Егор Зубовіч (Тарпеда-БЕЛАЗ) – 11              

Лепшыя асістэнты чэмпіяната     

1. Ігар Стасевіч (БАТЭ) – 11
2. Дзмітрый Рэкіш (Тарпеда-БЕЛАЗ) – 10
3. Эдгар Аляхновіч (Шахцёр) – 8
3. Мікалай Януш (Шахцёр) – 8     

партнёры