Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Макась раззабіваўся

 

Апошні спарынг перад пачаткам чэмпіянату правялі ў суботу аўтазаводцы. Іх супернікамі сталі аднаклубнікі з мінскага «Тарпеда», якое прадстаўляе першую лігу. Матч прайшоў на натуральным поле старога жодзінскага гарадскога стадыёна ў мікрараёне ГРЭС.

У сувязі з тым, што Ігар Крывушэнка адправіўся з нацыянальнай зборнай у Швецыю, у гэтым матчы камандай кіраваў Андрэй Зыгмантовіч. У складзе жодзінцаў адсутнічалі Максім Скавыш, Камо Аганісян, Аляксандр Паўлавец і Аляксандр Красноў, якія таксама знаходзяцца ў зборных. З броўкі назіралі за гульнёй Аляксей Панкавец і Валерый Фамічоў, якія атрымалі напярэдадні мікратраўмы.

Перавага прадстаўнікоў вышэйшай лігі была відавочнай, аднак мінскія тарпедаўцы зусім не выглядалі «хлопчыкамі для біцця». Госці, як і гаспадары, імкнуліся гуляць у атакуючы футбол, пастаянна знаходзіліся ў руху, імкнуліся даводзіць да лагічнага завяршэння ствараемыя моманты. Можна сказаць, што гэтая гульня стала добрай праверкай формы для Ягора Хаткевіча – і галкіпер даказаў, што зусім не заседзеўся на лаўцы запасных.

«Тарпеда-БЕЛАЗ» дзейнічаў з пазіцыі сілы і пераканаўча пацвердзіў сваю перавагу. Тры мячы ўляцела ў вароты былога брамніка жодзінскага «Тарпеда», які цяпер стаяў на апошняй мяжы «Тарпеда» мінскага, Уладзіміра Пяцігорца. І ўсе тры галы забіў Аляксандр Макась. У самым пачатку паядынку ён завяршыў атаку, у бліскучым стылі арганізаваную Андрэем Хачатуранам. Незадоўга да перапынку, атрымаўшы пас ад Дзмітрыя Рэкіша, уварваўся ў штрафную і ад штангі адправіў мяч у сетку. А ў другім тайме, прыняўшы мяч ад Ягора Зубовіча, нанёс моцны і дакладны ўдар з-за межаў штрафной. Хет-трык нападніка – гэта менавіта тое, што трэба напярэдадні старту чэмпіянату, каб надаць упэўненасці ўсёй камандзе.

25 сакавіка, Жодзіна. Таварыскі матч.
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ТАРПЕДА (Мінск) – 3: 0.
Галы: 1: 0 – Макась, 6 (пас – Хачатуран). 2: 0 – Макась, 41 (пас – Рэкіш). 3: 0 – Макась, 55 (пас – Зубовіч).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Хаткевіч, Шчэрба, Імерэкаў, Клапоцкі (46, Гатагаў), Асані, Хачатуран (46, Шапавал), Афанасьеў (46, Салавей), Дарашэнка, Рэкіш (70, Сідар), Макась, Зубовіч.

суббота, 25.03.2017 19:39
Актуальная інфармацыя

ФК “ТАРПЕДА-БЕЛАЗ” АБ’ЯЎЛЯЕ НАБОР
У ГРУПУ ПАДРЫХТОЎКІ 2010 г.н.

Пачатак заняткаў – верасень.

Звяртацца па тэлефонах:
+375 44 477 29 62 (Міхал Дзям’янавіч Русак, трэнер)
5 10 49 (Вадзім Міхайлавіч Бразоўскі, начальник аддзела развіцця маладзежнага футбола)

партнёры