Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

На турніры «Белазавец-2017» аўтазаводцы пачалі з перамогі

 

У другі дзень турніру «Белазавец-2017», які праходзіць у Жодзіна, у барацьбу ўступілі гаспадары – «Тарпеда-БЕЛАЗ» сустракаўся з гродзенскім «Нёманам». Трэба меркаваць, у аўтазаводцаў зноў прачнулася прага трафеяў – чатыры папярэднія матчы, праведзеныя у рамках перадсезоннага збору, яны прайгралі, але варта было звычайным спарынгам саступіць месца турніру, як тут жа «чорна-белыя» атрымалі перамогу.

У першым тайме гульня жодзінцаў і гарадзенцаў ішла на сустрэчных курсах, абедзве каманды ахвотна ішлі ў атаку, а яшчэ часцей джалілі адзін аднаго імклівымі контратакамі. Не так часта, як магло б, мяч даходзіў да штрафных пляцовак, але гульня ўсё роўна глядзелася і не давала ні засумаваць нешматлікім гледачам, ні перадыхнуць самім футбалістам. Незадоўга да перапынку абаронца аўтазаводцаў Максім Імерэкаў, які падключыўся да выканання “стандарту”, у варатарскай пляцоўцы падпільнаваў перадачу Камо Аганнісяна і адправіў мяч у сетку, забіўшы адзіны, як аказалася, гол у гэтай гульні.

Пасля перапынку, па меры таго, як футбалісты асноўнага складу «Тарпеда-БЕЛАЗа» саступалі месца на поле гульцам рэзерву і дубля, «Нёман» стаў прыбіраць ініцыятыву. Але гэтым разам Ігар Крывушэнка не стаў здымаць з гульні Максіма Імерэкава і Аляксея Панкаўца, і вопытныя гульцы, кіруючы абаронай і падказваючы маладым партнёрам, не далі суперніку рэалізаваць сваю гульнявую перавагу. У сваю чаргу, аўтазаводцы арганізавалі некалькі вострых нападаў і давялі іх да завяршэння, але ва ўсіх выпадках мяч размінуўся са створам варот.

Сёння каманда прадэманстравала нядрэнны рух і ўзаемадзеянне, хоць і браку яшчэ зашмат, – падзяліўся сваімі ўражаннямі галоўны трэнер «Тарпеда-БЕЛАЗа» Ігар Крывушэнка. – Спадзяюся, што першая перамога надасць хлопцам дадатковую ўпэўненасць.

У гэтай гульні прынялі ўдзел два футбаліста, якія спрабуюць зрабіць ўражанне на тарпедаўскі штаб – гэта цэнтральны паўабаронца Барыс Каневега (1985 г.н.), вядомы па выступах за брэсцкае «Дынама», і атакуючы паўабаронца Давід Гардазары – расіянін, які гуляў у Іспаніі, у тым ліку за першую і другую каманды «Мальёркі».

Пасля двух дзён турніру па тры ачкі на сваім рахунку маюць каманды «Тарпеда-БЕЛАЗ» і «Смалявічы-СТІ», якія днём раней абыгралі з лікам 2:0 «Іслач». У «Нёмана» і «Іслачы», адпаведна, ачкоў пакуль няма.

9 лютага, Жодзіна, турнір «Белазовец-2017».
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – НЁМАН – 1:0.
Гол: Імерэкаў, 44 (пас – Аганнісян).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Фамічоў, Шчэрба (46, Салавей), Імерэкаў, Клапоцкі (46, Паўлавец), Панкавец, Хачатуран (71, Паўлюкавец), Шапавал (65, Каневега), Аганнісян (55, Джугір), Афанасьеў (77, Чарнуха ), Рэкіш (53, Бялевіч), Макась (74, Гардазары).

четверг, 09.02.2017 18:49
Актуальная інфармацыя

15 кастрычніка. Матч юнацкага першынства Беларусі

14:00 ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ДЫНАМА-МІНСК (2003 г.н.)

партнёры