Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Ніхто не думаў саступаць

 

Яркі матч выдалі пятнічным вечарам на жодзінскім стадыёне каманды «Тарпеда-БЕЛАЗ» і «Дынама-Брэст». Напружаны паядынак наўрад ці мог пакінуць абыякавым кагосьці з гледачоў. І хоць у выніку пераможца так і не быў выяўлены, гэтая нічыя была якой заўгодна, толькі не сумнай.

Брэсцкае «Дынама» даўно ўжо з’яўляецца раздражняльнікам для аўтазаводцаў і іх заўзятараў. Жодзінцам даводзіцца добра пакапацца ў памяці, каб узгадаць, калі іх каманда абыгрывала брэстчан, а ў двух апошніх чэмпіянатах «чорна-белыя» і зусім не змаглі ўзяць у «бела-блакітных» ні аднаго ачка. У гэтым сезоне непрыемная тэндэнцыя ўжо зламаная – ачко зароблена. Хоць, вядома, спадзяваліся на большае, і не без падстаў.

Аўтазаводцы з вялікім запалам пачалі матч і з першых хвілін сталі ствараць перспектыўныя моманты ў гасцявых варот. Ды толькі захапіліся і прапусцілі імклівую контратаку брэстчан. Чыдзі Асучукву вывеў Леандра Торэса сам-насам з Ягорам Хаткевічам, і як ні стараўся тарпедаўскі галкіпер перашкодзіць аргенцінцу, але мяч ўсё ж апынуўся ў сетцы.

Такі пачатак, зрэшты, не збянтэжыў гаспадароў, і яны працягнулі яшчэ больш настойліва прарывацца да брамы «Дынама». І працягвалі гнуць сваю лінію і да перапынку, і ўвесь другі тайм, прымусіўшы гасцей па большай частцы абараняцца. Спаўна адпрацаваў свой «беларускі хлеб» французскі галкіпер брэстчан Жэрэмі Малерб – у некалькіх эпізодах здавалася, што ўжо нішто не перашкодзіць тарпедаўцам забіць, але Малерб перашкаджаў, у адчайных скачках авалодваючы мячом.

І ўсё ж упартасць аўтазаводцаў не дазволіла ім пайсці з поля пераможанымі, што, дарэчы, было б зусім ужо несправядліва. Дзмітрый Рэкіш, выконваючы штрафной, падаў у раён адзінаццаціметровай адзнакі, брэстчане выбілі мяч, але каля сегмента Аляксандр Паўлавец літаральна вырваў яго з-пад ног у суперніка і зрабіў перадачу на Максіма Скавыша. Той крыху падпрацаваў і прабіў – адскочыўшы ад далёкай штангі, мяч заляцеў у сетку.

У астатнія да фінальнага свістка хвіліны абедзве каманды прадэманстравалі нежаданне мірыцца з нічыйным вынікам, але і саступаць ніхто ня думаў. Варта заўважыць, што і «Дынама», хоць і больш абаранялася, адзначылася не толькі галявым эпізодам, але і некалькімі іншымі небяспечнымі момантамі, у якіх давялося праявіць свае лепшыя якасці і тарпедаўскім абаронцам, і Ягору Хаткевічу. Так што хоць турнірнае становішча ў гэтым туры палепшыць не атрымалася, нічыю можна прызнаць прымальным вынікам.

ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ДЫНАМА-БРЭСТ – 1:1
16 чэрвеня, Жодзіна, стадыён «Тарпеда», 1300 гледачоў.
Суддзя: В.Севасцьянік (Гродна).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Хаткевіч, Клапоцкі, Аганісян, Панкавец (к), Шапавал, Макась, Дарашэнка (Рэкіш, 60), Хачатуран, Скавыш (Шчэрба, 87), Паўлавец, Афанасьеў (Зубовіч, 66).
ДЫНАМА-БРЭСТ: Малерб, Барысаў, Лебедзеў, Вітус, Алісейка, Букаткін (к), Асучукву, Чыж (Докаль, 66), Афааква (Мазалеўскі, 51), Торэс (Васілюк, 90), Фамейе.
Галы: 0:1 – Торэс, 12. 1:1 – Скавыш, 82 (пас – Паўлавец).
Папярэджанні: Малерб, 73, Клапоцкі, 74, Шапавал, 86.

пятница, 16.06.2017 23:20
Актуальная інфармацыя

Юнацкае першынство Рэспублікі Беларусь

28 мая, Жодзіна, стадыён “Тарпеда” (штучнае поле)

13:00 – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – МІНСК (1999 г.н.)

партнёры