Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

«Нёман» адолець не атрымалася

 

Выдаць другую запар яркую, бліскучую гульню на сваім стадыёне аўтазаводцам не ўдалося. Матч з «Нёманам» відавочна саступаў нядаўняму паядынку з «Крумкачамi» і ў відовішчнасці, і ў хуткасці, і ў вастрыні. Калі вялі ў ліку, тарпедаўцы не змаглі развіць поспех, а пасля і прапусцілі гол у свае вароты. Нічыя стала вынікам, цалкам аб’ектыўна адлюстроўваўшым раскладку сіл.

Ігар Крывушэнка не мяняў стартавы склад не толькі з-за таго, што некалькі дзён таму ён быў пераможным, але і па прычыне кадравых праблем – Аляксандр Макась і Кірыл Дарашэнка гаяць траўмы. Як скажа пазней сам трэнер, вырабленыя па ходзе матчу замены толькі асвяжылі, але не ўзмацнілі склад. А ўзмацненне было б вельмі дарэчы, калі гульцы, якія нядрэнна глядзеліся ў першым тайме, пасля перапынку сталі выказваць відавочныя прыкметы стомленасці. «Нёман» паспяхова гэтым скарыстаўся, перахапіў ініцыятыву і ў ходзе дастаткова працяглай аблогі змог дамагчыся поспеху. І хай у Паўла Савіцкага гэта выйшла не так эфектна, як у Дзмітрыя Рэкіша, але гродзенцы аднавілі парытэт і пасля не далі жодзінцам шанцаў зноў выйсці наперад. Нейкія моманты аўтазаводцы ўсё ж стваралі, але яны ўжо не ішлі ў параўнанне з выпушчанымі ў першым тайме магчымасцямі.

ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – НЁМАН – 1:1
15 траўня, Жодзіна, стадыён «Тарпеда», 870 гледачоў.

Суддзя: С.Лабацэвіч (Віцебск).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Фамічоў, Аганісян (Асані, 90+1), Панкавец (к), Шапавал, Хачатуран, Скавыш, Рэкіш (Гатагаў, 80), Зубовіч, Паўлавец, Імерэкаў, Афанасьеў (Шчэрба, 70).
Запасныя: Хаткевіч, Сідар, Клапоцкі, Паўлюкавец.
НЁМАН: Жураў, Абаўна (Анюкевіч, 46), Кантарыя, Зубкоў, Бебей, Лакціёнаў (Канцавы, 46), Жукоўскі (Горбач, 90+1), Клімовіч, Рудзік, Савіцкі (к), Хвалько.
Запасныя: Шышлоў, Хлебасолаў, Якімаў, Яроцкі.
Галы: 1:0 – Рэкіш, 30 (пас – Зубовіч). 1:1 – Савіцкі, 65.
Папярэджанне: Абаўна, 39.

Трэнерскія каментары:

Ігар Кавалевіч («Нёман»):
– Зыход паядынку заканамерны. Нам не атрымаўся першы тайм, не хапала апошняга пасу. У цэлым не атрымалася гульня ў атацы. У другім тайме малюнак гульні памяняўся. Змаглі зраўняць лік. Я задаволены гульнёй сваёй каманды. Нам супрацьстаяў моцны сапернік, які прапаведуе агрэсіўны футбол.

Ігар Крывушэнка ( «Тарпеда-БЕЛАЗ»):
– Нам не хапіла спартыўнай агрэсіі. Зрабілі мала падбораў, не паспявалі падладжвацца пад перадачы. Калі ўключаліся ў гульню, нешта атрымлівалася, ўзнікалі нядрэнныя моманты. На працягу гульні мелі шмат «стандартаў», але іх мы разбазарылі. У другім тайме глыбока селі. Занадта многае дазволілі суперніку. Траўмы Макася і Дарашэнка не дазваляюць узмацніць гульню на дадзены момант. Сённяшнія замены толькі асвяжаюць гульню, а не ўзмацняюць.

понедельник, 15.05.2017 23:09
Актуальная інфармацыя

ФК “ТАРПЕДА-БЕЛАЗ” АБ’ЯЎЛЯЕ НАБОР
У ГРУПУ ПАДРЫХТОЎКІ 2010 г.н.

Пачатак заняткаў – верасень.

Звяртацца па тэлефонах:
+375 44 477 29 62 (Міхал Дзям’янавіч Русак, трэнер)
5 10 49 (Вадзім Міхайлавіч Бразоўскі, начальник аддзела развіцця маладзежнага футбола)

партнёры