Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Першае хатняе паражэнне

 

Адной гульні не хапіла аўтазаводцам, каб прайсці першы круг чэмпіянату без хатніх паражэнняў. У гэтым сезоне на сваім стадыёне «Тарпеда-БЕЛАЗ» да сённяшнега дня не прайграваў – серыю, якая з улікам мінулага года ўвабрала ў сябе адзінаццаць гульняў, перапыніў у суботу салігорскі «Шахцёр».

Калі сказаць, што па гульні «Тарпеда-БЕЛАЗ» у гэтым паядынку не саступаў лідэру чэмпіянату, супраць ісціны не зграшыш. Жодзінская каманда дзейнічала агрэсіўна, па-спартоваму зло, і на працягу ўсяго матчу шукала шчасця ў салігорскіх варот. Не выпусці Ягор Хаткевіч з рук мяч, адскочыўшы да Віталя Лісаковіча, не здарыся гэты «хуткі» гол, і падзеі маглі разгортвацца па-іншаму. Але выйшла так, як выйшла – «Шахцёр» стаў гуляць «па ліку», а задача тарпедаўцаў ускладнілася яшчэ ў пачатку матчу.

Ці варта вінаваціць галкіпера ў другім прапушчаным мячы? Адказнасць як мінімум павінны падзяліць з ім абаронцы, якія прапусцілі перадачу Эдгара Аляхновіча на Дзяніса Лапцева. Прынятае Хаткевічам рашэнне ісці на перахоп на паверку аказалася памылковым – выбіць мяч брамнік не паспеў, але і застанься ён на месцы, шанцаў было б не шмат, а на роздум у Ягора былі долі секунды.

Трэнерскі штаб «Тарпеда» адрэагаваў адразу ж, паслядоўна вырабіўшы тры замены, накіраваныя на ўнясенне свежасці ў атакуючыя шэрагі. Каманда дадала абаротаў і неўзабаве дамаглася поспеху – перадача Яўгена Клапоцкага знайшла ля мяжы варатарскай Ягора Зубовіча, і той з лёту трапна прабіў у кут. А праз дзесяць хвілін здарыўся эпізод, які даў нагоду Ігару Крывушэнка абурыцца судзействам – парушэнне супраць Кірыла Дарашэнка ў штрафной пляцоўцы гарнякоў здавалася відавочным, але свісток Дзмітрыя Дзмітрыева прамаўчаў. Як ні стараліся аўтазаводцы, адысці ад паразы на гэты раз ім не ўдалося.

ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ШАХЦЁР – 1:2.
24 чэрвеня, Жодзіна, стадыён «Тарпеда», 1100 гледачоў.

Суддзя: Дз.Дзмітрыеў (Фаніпаль).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Хаткевіч, Клапоцкі, Аганісян, Панкавец (к), Шапавал, Макась (Рэкіш, 62), Дарашэнка, Хачатуран (Зубовіч, 65), Скавыш, Паўлавец, Афанасьеў (Асані, 58).
ШАХЦЁР: Бушма, Мацвейчык, Янушкевіч, Бурко, Аляхновіч, Сялява, Багарыч (Пазняк, 46), Лапцеў, Рыбак, Кавалёў (Црепуля, 73), Лісаковіч (Януш, 80).
Галы: 0:1 – Лісаковіч, 9. 0:2 – Лапцеў, 57. 1:2 – Зубовіч, 71.
Папярэджанні: Дарашэнка (51), Аляхновіч (51).

Трэнерскія каментары:

Алег Кубараў ( «Шахцёр»):

– Каляндар не пакідае нам іншых варыянтаў, акрамя як змагацца з усімі камандамі – на выездзе і дома. Ёсць свае моманты, трэба гуляць рацыянальна і выйграваць. Рады, што мы абыгралі добрую каманду, якая добра сёння гуляла. Футбол быў цікавы, мы аддалі ініцыятыву, таму што ў Жодзіна хуткія нападаючыя, якія ўмеюць гуляць у контратаку. Думаю, у нас атрымалася. Хацеў перабудавацца яшчэ пасля першага забітага мяча, таму што пачалі прасядаць флангі, «Тарпеда» трымала пяць чалавек у нападзе супраць чатырох нашых абаронцаў. Чакаў перапынку, каб растлумачыць як правільна перабудавацца і каб не ламаць псіхалогію, замяняючы гульцоў у першым тайме.

Ігар Крывушэнка ( «Тарпеда-БЕЛАЗ»):

– Неадназначная гульня. Выдатна дастаўлялі мяч да атакі, у першым тайме стварылі шмат момантаў, не хапіла апошняй перадачы. На жаль, зрабілі памылак больш пакладзенага, а «Шахцёр» такіх памылак не даруе. Думаю, можна павіншаваць «Шахцёр» з чэмпіёнствам. З такім лаяльным судзействам, думаю, магчымасцяў у іх супернікаў не будзе.
– Прэтэнзіі да суддзяў з-за моманту з непрызначаным пенальці?
– Гэта ў першую чаргу. Але не толькі, наогул трактоўка момантаў выклікае пытанні. Суддзя не трымаў ніткі гульні, вельмі слаба адсудзіў і, вядома, момант з пенальці. Хай разбіраюцца тыя, у чыёй гэта кампетэнцыі, але хопіць ужо здзекавацца. «Шахцёр» у чэмпіянаце прабіў чатыры пенальці, у яго вароты – нуль. Мы за усе гульні – нуль пенальці, таму без каментароў, хай разбіраюцца і глядзяць, але я лічу, што пенальці быў стоадсоткавы.

суббота, 24.06.2017 22:51
Актуальная інфармацыя

ФК “ТАРПЕДА-БЕЛАЗ” АБ’ЯЎЛЯЕ НАБОР
У ГРУПУ ПАДРЫХТОЎКІ 2010 г.н.

Пачатак заняткаў – верасень.

Звяртацца па тэлефонах:
+375 44 477 29 62 (Міхал Дзям’янавіч Русак, трэнер)
5 10 49 (Вадзім Міхайлавіч Бразоўскі, начальник аддзела развіцця маладзежнага футбола)

партнёры