Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Сапраўдная інтрыга на штучным полі

 

Пра Суперкубак забыліся – у сераду аўтазаводцаў чакае новае выпрабаванне. У першым чвэрцьфінальным паядынку Кубка Беларусі 2016/2017 «Тарпеда-БЕЛАЗ» будзе прымаць «Слуцк». На коне – пуцёўка ў паўфінал, і наўрад ці камусьці трэба тлумачыць важнасць заўтрашняга матчу. Вядома, ёсць яшчэ гульня ў адказ, але задзел неабходна зрабіць дома.

Напэўна, шмат хто лічыць «Тарпеда-БЕЛАЗ» фаварытам у гэтым супрацьстаянні, аднак у кубкавых гульнях на сюрпрызы здольная любая каманда, тым больш – дужы «Слуцк». Дастаткова сказаць, што перавага ў асабістых сустрэчах у жодзінцаў нязначная: у шасці гульнях «чорна-белыя» перамагалі двойчы, адзін раз пацярпелі паразу, а яшчэ тры матчы завяршыліся з нічыйным лікам. Такой статыстыкі відавочна недастаткова, каб недаацэньваць суперніка. А можна ўзгадаць яшчэ і таварыскі матч у цяперашняе міжсезонне, у якім «Тарпеда-БЕЛАЗ» прайграў «Слуцку» з буйным лікам 0:3. І няхай усе галы ў тым лютаўскім матчы былі прапушчаны другім складам, факт застаецца фактам.

Паколькі асноўнае поле на стадыёне «Тарпеда» яшчэ рыхтуюць да сезону, чвэрцьфінальны паядынак пройдзе на штучным полі. Нагадваем заўзятарам пра тое, што ўваход на стадыён будзе ажыццяўляцца толькі з боку лядовага катка. Нязручнасці, звязаныя з малой ёмістасцю і недастатковай камфортнасцю трыбун на запасным полі, кампенсуюцца бясплатным уваходам на матч.

Стартавы свісток гродзенскага арбітра Дзмітрыя Долі прагучыць 15 сакавіка ў 17:00. Запрашаем тарпедаўскіх заўзятараў сваёй падтрымкай дапамагчы камандзе прабіцца ў паўфінал!

вторник, 14.03.2017 11:34
Актуальная інфармацыя

Юнацкае першынство Рэспублікі Беларусь

1 мая, Жодзіна, стадыён “Тарпеда” (штучнае поле)

13:30 – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ГОМЕЛЬ (2000 г.н.)
15:30 – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ГОМЕЛЬ (1999(98) гг.н.)

партнёры