Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна
  • «Тарпеда-БЕЛАЗ» арандаваў у «Шахцёра» паўабаронцу Эдгара Аляхновіча
    Падрабязнее
  • Алег Кубараў: «Усё, што намячалі, выканалі на сто адсоткаў»
    Падрабязнее
  • Першы турэцкі збор завершаны
    Падрабязнее

«Шахцёр» пераможаны, гонка працягваецца!

 

Цэнтральны матч перадапошняга тура чэмпіянату адбыўся ў Салігорску, куды былі звернуты позіркі аматараў футбола з усёй краіны. Атрымаўшы перамогу, гаспадары з вялікай доляй верагоднасці забяспечылі б сабе залатыя медалі. Стымулам для гасцей з’яўлялася працяг барацьбы за чацвёртае месца, але ці толькі яно ?! Тут можна ўзгадаць і прынцыповасць ўзаемаадносін аўтазаводцаў з «гарнякамі», і летні сыход з «Шахцёра» цяперашняга галоўнага трэнера «Тарпеда-БЕЛАЗа» Алега Кубарава. Ды і, у рэшце рэшт, здаровае самалюбства, якое і праявілі тарпедаўцы ў гэты суботні дзень, паказаўшы выдатную гульню і атрымаўшы прыгожую перамогу!

Пачатак матчу стаў кашмарам для «Шахцёра» – ужо на пятай хвіліне Максім Скавыш ў сярэдзіне поля сыграў на падборы мяча, увайшоў з ім у штрафную, абмінаючы двух абаронцаў, і абыграў у блізкім баю Івана Караджава – гол! І гэта адразу стала сур’ёзнай заяўкай на перамогу, бо аўтазаводцы вымусілі суперніка адыгрывацца, а значыць – ісці наперад, раскрывацца і прадастаўляць тарпедаўцам прастору для дзеянняў у адказ. Аднак стрымліваць атакі гаспадароў было не так проста – бліжэй да перапынку ў жодзінскай штрафной было па-сапраўднаму горача. Але дысцыпліна ў абароне, пільнасць Івана Канавалава і нервовасць у дзеяннях нападнікаў «Шахцёра» дазволілі аўтазаводцам сысці на перапынак, захоўваючы перавагу.

Ледзь выйшаўшы з распранальні, «Тарпеда-БЕЛАЗ» зноў захапіў ініцыятыву. І раз за разам стварыў некалькі добрых галявых момантаў – зараз ужо брамніку гаспадароў давялося папрацаваць, а ў адным небяспечным эпізодзе яго падстрахавалі партнёры па камандзе. І ўсё ж аўтазаводцы дамагліся свайго! У хуткую контратаку ўцяклі адразу двое – Ягор Зубовіч і Камо Аганісян. Пас ад першага другому, Камо выходзіць адзін на адзін з брамнікам і перагульвае яго, адпраўляючы мяч у пустыя вароты. 0:2!

Але «Шахцёр» не здаецца. За дзесяць хвілін да заканчэння асноўнага часу матча Таміслаў Кіш выкарыстоўвае памылку тарпедаўскай абароны і скарачае разрыў у ліку. Становіцца зразумела, што канцоўка матчу будзе гарачай. Так і атрымліваецца, але і на гэтым адрэзку «Тарпеда-БЕЛАЗ» выглядае пераважней. Двойчы пасля удараў Аляксея Панкаўца і Максіма Скавыша мяч трапляе ў перакладзіну варот «Шахцёра», яшчэ некалькі перспектыўных нападаў праводзяць аўтазаводцы. Гаспадары спрабуюць зладзіць аблогу жодзінскіх варот, на розыгрыш кутняга прыбягае нават галкіпер, але ўсё дарэмна. «Тарпеда-БЕЛАЗ» атрымлівае перамогу і параўноўваецца па ачках з брэсцкім «Дынама», якое займае чацвёрты радок. А вось «Шахцёр» адкочваецца з першага месца на трэцяе. Сапраўды, лёсавызначальны паядынак!

ШАХЦЁР – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – 1:2
18 лістапада, Салігорск, стадыён «Будаўнік», 1500 гледачоў.

Суддзя: І. Крук (Маладзечна).
ШАХЦЁР: Караджаў, Мацвейчык, Янушкевіч, Бурко (Кіш, 57), Аляхновіч, Сялява, Януш, Лапцеў, Рыбак (к), Кавалёў, Бардачоў (Лісаковіч, 78).
Запасныя: Бушма, Сібамана, Соірі, Зламісліч, Пазняк.
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Канавалаў, Афі, Аганісян, Шапавал, Хачатуран (к) (Панкавец, 72), Скавыш, Рэкіш (Зубовіч, 57), Шчэрба (Клапоцкі, 52), Клімовіч, Калугін, Афанасьеў.
Запасныя: Сарока, Сідар, Макась, Паўлавец.
Галы: 0:1 – Скавыш, 5. 0:2 – Аганісян, 64. 1:2 – Кіш, 80.
Папярэджання: Аляхновіч, 68, Януш, 68, Зубовіч, 68.

Трэнерскія каментары:

Алег Кубараў ( «Тарпеда-БЕЛАЗ»):
– Вельмі цяжкая гульня. Было глейкае поле, моцны сапернік. У канцы чэмпіянату мы прайгравалі матчы, у якіх выглядалі нядрэнна, таму камандзе патрэбна была перамога над «Шахцёрам» у плане псіхалогіі. Мы прыехалі ў Салігорск не за рэваншам і не за размеркаваннем нейкіх месцаў. Мы прыехалі гуляць, я настройваў сваю каманду на перамогу. У гэтай сустрэчы нам трэба было перамагаць. Зразумела, нічога нельга было прагназаваць, але гульня складвалася ў наш бок. «Шахцёр» быў вымушаны атакаваць, раскрыў зоны. У нас атрымліваліся хуткія выхады з абароны ў атаку, стварылі дастаткова момантаў для перамогі. Ды і ў абароне згулялі толькі з адной памылкай.

Марэк Зуб («Шахцёр»):
– Напэўна, усе разумелі, што для нас матч з «Тарпеда» – ключавая гульня ў чэмпіянаце. Перамога ў гэтай сустрэчы давала рэальную магчымасць да самага канца змагацца за чэмпіёнства. Нам трэба было атакаваць, але мы прапусцілі просты гол. Скавыш вельмі лёгка абыграў нашых абаронцаў і забіў. Пасля такога вельмі цяжка вярнуцца ў гульню. Напэўна, хлопцы аддалі сёння ўсё, што маглі. Былі моманты, каб забіць яшчэ. Калі шчыра, мне б хацелася паглядзець паўтор другога гола «Тарпеда». У мяне ёсць пытанні. На дадзены момант не магу нічога дакладна сцвярджаць. Але гэта эпізод, з-за якога мы страцілі значную частку шанцаў на чэмпіёнства.

суббота, 18.11.2017 20:55
Актуальная інфармацыя

Міжсезонне 2017/2018

Каманду пакінулі: Ягор Хаткевіч, Арцём Сарока, Яўген Клапоцкі, Кірыл Дарашэнка, Камо Аганісян, Михаіл Афанасьеў, Дзмітрый Рэкіш, Максім Скавыш, Аляксандр Макась, Ягор Зубовіч

Каманду папоўнілі: Уладзімір Бушма, Міхаіл Бабічаў, Сяргей Карповіч, Сяргей Канцавы, Дзмітрый Юсаў, Аляксандр Катляроў, Уладзіслаў Клімовіч, Эдгар Аляхновіч

партнёры