Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

«Слуцк» выбіў «Тарпеда-БЕЛАЗ» з барацьбы за Кубак Беларусі

 

Прыгожай кубкавай казкі другі год запар не будзе. У другім матчы 1/4 фіналу Кубка Беларусі 2016/2017 «Тарпеда-БЕЛАЗ» не толькі не змог утрымаць мінімальную перавагу, здабытую ў хатняй сустрэчы са «Слуцкам», але і прапусціў у свае вароты двойчы, тым самым саступіўшы суперніку дарогу ў паўфінал. «Слуцк», які лічыўся ў гэтай пары аўтсайдарам, ідзе далей, а «Тарпеда-БЕЛАЗу» трэба будзе акрыяць ад двух «аплявух», атрыманых на старце сезона – паразы ў Суперкубку і «вылету» з Кубка – перад пачаткам чэмпіянату. На ўсё пра ўсё ў аўтазаводцаў – менш за два тыдні, а як паказала гульня, працы трэба будзе яшчэ шмат.

Занадта простай, мабыць, падалася тарпедаўцам задача – усягосці ўтрымаць зручны для сябе лік, не даць забіць суперніку, які ў першым матчы асаблівых клопатаў не даставіў. Нельга сказаць, каб самі аўтазаводцы зусім ужо не былі нацэлены на вароты «Слуцка», але і вялікага запалу не выказвалі – да таго самага часу, пакуль не апынуліся ў незайздроснай ролі прайграючага. Толькі на заключным адрэзку матчу, які праходзіў у Бабруйску, «Тарпеда-БЕЛАЗ» з усяе мачы аблажыў штрафную суперніка, але тут ужо случчакі моцна акапаліся на сваіх пазіцыях, цярпліва стрымліваючы націск.

«Слуцк» цалкам пакінуў за сабой другі тайм, а з ім і ўвесь матч, і агульны вынік двухраундавага паядынку. Узмацніўшы ціск пасля перапынку, слуцкія футбалісты дамагліся свайго, знайшоўшы пралом у цэнтры торпедаўскай абароны, але і пасля гэтага не сталі спадзявацца на дадатковы час і серыю пенальці, а працягнулі гнуць сваю лінію. Канкрэтна да Уладзіміра Шчэрбы ў эпізодзе з другім голам прэтэнзій няма – ён спрабаваў выбіць мяч, які ўжо ляцеў у вароты пасля ўдару Аляксандра Яцкевіча. Прэтэнзіі да абароны ў цэлым агучыў на прэс-канферэнцыі Ігар Крывушэнка. Ну, а прэтэнзіі да групы атакі напрошваюцца па змаўчанні: за ўсю гульню патэнцыйна небяспечных момантаў не набралася і пятак. Адменены гол Ягора Зубовіча, дабіўшага ў сетку адскочыўшы ад штангі мяч ужо пасля сігналу суддзі аб парушэнні. Промах Максіма Скавыша, які наносіў удар галавой з межаў варатарскай пляцоўкі. Заблакаваны Дзмітрыем Шчагрыковічам «стрэл» Андрэя Хачатуряна пасля розыгрышу вуглавога. Ды найпрыгажэйшы ўдар «нажніцамі» Аляксандра Макася, з якім справіўся Дзмітрый Дудар. І хоць у «Слуцка» падобных момантаў набралася крыху больш, два з іх завяршыліся ўзяццем варот – якія ўжо тут параўнанні.

Пасля фінальнага свістка каманда «Слуцка» аддалася радасці са сваімі балельшчыкамі, а футбалісты «Тарпеда-БЕЛАЗа» адправіліся выслухоўваць непрыемныя, але справядлівыя словы ад сваіх фанатаў. Занадта рана і залішне крыўдна аўтазаводцы «пахавалі» надзеі сваіх прыхільнікаў на яшчэ адно еўракубкавае лета.

СЛУЦК – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – 2:0
Бабруйск. 19 сакавіка. Стадыён імя А.Пр
акапенка, 1070 гледачоў.
Суддзя: Д.Шчарбакоў (Мінск).
C
ЛУЦК: Дудар, Быліна, Вобразаў, Каршакевіч, Ан.Залескі, Д.Шчагрыковіч (к), Аўіе (Сафонаў, 80), Кібук, Юсаў, Себаі (Трачынскі, 87), Яцкевіч (Рушніцкі, 88).
Запасныя: Панкратаў, Былінкін, С.Шчагрыковіч, Бабко.
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Фамічоў, Панкавец (к), Шапавал, Клапоцкі, Паўлавец, Хачатуран, Рэкіш (Макась, 67), Шчэрба, Афанасьеў (Аганісян, 59), Скавыш (Салавей, 83), Зубовіч.
Запасныя: Хаткевіч, Асані, Джугір, Гатагаў.
ГАЛЫ: 1:0 – Юсаў (59). 2:0 – Шчэрба (80, у свае вароты).
ПАПЯРЭДЖАННІ: Быліна (3), Яцкевіч (87), Салавей (90).

Трэнерскія каментарыі:

Ігар Крывушэнка («Тарпеда-БЕЛАЗ»):
– Магу павіншаваць «Слуцк» з выхадам у паўфінал, бо каманда суперніка гэта заслужыла. Што тычыцца гульні, то «Тарпеда» не хапіла стрыманасці, асабліва ў завяршальнай стадыі. Мы прыходзілі на чужую палову, гублялі мяч, гулялі, як быццам гэта нам трэба было адыгрывацца. Было зашмат мітусні, не ўсе атакі давялі да лагічнага завяршэння. А два галы з цэнтра штрафной – пытанні да цэнтральных абаронцаў і апорных паўабаронцаў.

Віталь Паўлаў («Слуцк»):
– Вельмі ўдзячны сваім футбалістам за праведзеную працу. Перад матчам баяўся, што не хопіць свежасці, але вышлі, добра атакавалі, у другім тайме забілі. Добра, што праца, праведзеная ў перадсезонку, не прайшла дарма. Абыгралі моцнага суперніка, таму яшчэ раз дзякуй футбалістам.

воскресенье, 19.03.2017 22:50
Актуальная інфармацыя

ФК “ТАРПЕДА-БЕЛАЗ” АБ’ЯЎЛЯЕ НАБОР
У ГРУПУ ПАДРЫХТОЎКІ 2010 г.н.

Пачатак заняткаў – верасень.

Звяртацца па тэлефонах:
+375 44 477 29 62 (Міхал Дзям’янавіч Русак, трэнер)
5 10 49 (Вадзім Міхайлавіч Бразоўскі, начальник аддзела развіцця маладзежнага футбола)

партнёры