Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

«Тарпеда-БЕЛАЗ» з мінімальным лікам абыгрывае «Гомель»

 

Адразу варта заўважыць, што гульня дзясятага тура паміж «Тарпеда-БЕЛАЗам» і «Гомелем» прайшла пры відавочнай перавазе гаспадароў, якая не знайшла свайго адлюстравання ў выніковым рахунку толькі з-за таго, што аўтазаводцы не змаглі рэалізаваць створаныя – і вельмі нават нядрэнныя! – моманты. Ды яшчэ з-за надзейнай гульні галкіпера «Гомеля» Канстанціна Рудзенка, прызнанага лепшым гульцом матчу ў складзе гасцей.

Камандзе Ігара Крывушэнка зноў лепш атрымалася правесці першую палову сустрэчы. Пакуль свежыя Камо Аганісян, Міхаіл Афанасьеў, Дзмітрый Рэкіш, Максім Скавыш – тарпедаўская атака дае спякоту любому суперніку. Вось і на гэты раз гамяльчанам заставалася толькі акапацца ў сваёй штрафной і стрымліваць націск суперніка. Спачатку абаронцам удавалася блакаваць ўдары, затым Рудзянок ў скачку адбіў мяч, адпраўлены ў кут варот Аганісянам, а потым не ўсачылі госці за Скавышам, і «Тарпеда-БЕЛАЗ» павёў у ліку.

Замацаваць поспех да перапынку не ўдалося, хоць двойчы быў блізкі да гэтага Ягор Зубовіч, а ў другім тайме госці змаглі адшукаць нейкія ўнутраныя рэзервы і некалькі адсунулі гульню ад сваіх варот. Зрэшты, асаблівай свабоды тарпедаўцы ім не далі, і толькі на недоўгачасовым адрэзку «Гомель» валодаў ініцыятывай, даўшы магчымасць праявіць сябе Ягору Хаткевічу, які заняў месца ў варотах пасля больш чым гадавога перапынку. Трэба сказаць, такі доўгі прастой не адбіўся на гульні тарпедаўскага галкіпера, хоць і працы ў яго было куды менш, чым у гомельскага калегі. Той яшчэ раз выратаваў сваю каманду ад немінучага, здавалася, гола пасля ўдару Ягора Зубовіча, і яшчэ раз, далёка выйшаўшы на перахоп мяча ў Андрэя Хачатуряна… А яшчэ ў адным моманце за «Гомель» згуляў ашэстак, так і не даўшы тарпедаўцам магчымасці выйграць з больш пераканаўчым лікам. Зрэшты, і без таго перамогу «Тарпеда-БЕЛАЗа» натужнай або нелагічнай не назавеш.

ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ГОМЕЛЬ – 1:0.
27 траўня, Жодзіна, стадыён «Тарпеда», 970 гледачоў.

Суддзя: С.Сцецурын (Брэст).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Хаткевіч, Аганісян (Шчэрба, 78), Панкавец (к), Шапавал, Хачатуран, Скавыш, Рэкіш (Макась, 84), Зубовіч (Паўлюкавец, 90+1), Паўлавец, Імерэкаў, Афанасьеў.
Запасныя: Абрамовіч, Асані, Клапоцкі, Джугір
ГОМЕЛЬ: Рудзянок, Айдаў, Юдзянкоў (Жосткін, 46), Карніцкі, Ферэйра (Гомза, 60), Траякоў, Пыско, Елезаранка, Сітко (Барсукоў, 74), Ражкоў (к), Сазановіч.
Запасныя: Кавалёў, Чмырікаў, Дурай, Мілеўскі
Гол: Скавыш, 25 (пас – Аганісян).
Папярэджанні: Скавыш, 90 / Елезаранка, 51.

Трэнерскія каментары:

Вячаслаў Герашчанка ( «Гомель»):
– Неадназначны матч, які можна падзяліць на дзве часткі. Да перапынку мы гульню правалілі, дзейнічалі няўдала, футбол не задаўся. Здзяйснялі дзіцячыя памылкі, прысутнічала нейкая паніка. Хацелася, каб хутчэй тайм скончыўся. Затым памянялі сістэму і сталі гуляць больш агрэсіўна. Стваралі моманты, нават мелі магчымасць зраўняць лік. Зрэшты, рызыкавалі і атрымаць другі мяч у свае вароты. Думаю, матч атрымаўся цікавым для гледачоў. Хоць, вядома, па сукупнасці «Тарпеда» заслужыла перамогу.

Ігар Крывушэнка ( «Тарпеда-БЕЛАЗ»):
– Добры першы тайм у нашым выкананні: павінны былі забіваць і здымаць усе пытанні аб зыходзе матчу. А так – толькі 1:0. Тым больш свежая ў памяці сустрэча ў Гарадзеі, якую не здолелі давесці да перамогі, ведучы з перавагай у два галы. З-за гэтага другая палова атрымалася скамечанай. Рэалізацыя момантаў не была на належным узроўні, таму гульня трымала ў напружанні да апошніх хвілін. Баяўся, каб не спрацаваў вядомы футбольны закон, калі табе абавязкова забіваюць, калі не забіваеш ты. Дзякую рабятам.

суббота, 27.05.2017 22:28
Актуальная інфармацыя

Юнацкае першынство Рэспублікі Беларусь

28 мая, Жодзіна, стадыён “Тарпеда” (штучнае поле)

13:00 – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – МІНСК (1999 г.н.)

партнёры