Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Упартасць мацней за нешанцаванне

 

У матчы першага тура Беларусбанк – чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе сезона 2017 года сярод каманд вышэйшай лігі «Тарпеда-БЕЛАЗ» у хатнім паядынку атрымаў валявую перамогу над «Іслаччу» з лікам 2:1.

Не самым лепшым чынам складвалася для аўтазаводцаў гэтая гульня. Ужо на другой хвіліне матчу Генадзь Блізнюк нанёс удар з-за межаў штрафной, Валерый Фамічоў не дацягнуўся да мяча і «Іслач» павяла ў ліку. Момант быў не самы небяспечны, і гэта з ходам паядынку абяззбройвала ўсё больш і больш – «Тарпеда-БЕЛАЗ» меў відавочную перавагу, але… прайграваў. Калі гасцям адкрыта ўсміхнуўя поспех, то гаспадароў накрыла хваля нешанцавання. Іх атакі, якія рухаліся адна за адной, часта завяршаліся ўдарамі па варотах, але мяч ляцеў куды заўгодна, толькі не ў створ, ці ж станавіўся здабычай пільна дзейнічаўшага на апошняй мяжы Арцёма Сарока. А ці не адзіны небяспечны момант у варот жодзінцаў ледзь не павярнуўся другім голам, не падстрахуй Джэліл Асані сплахаваўшага Фамічова.

Што перш за ўсё варта паставіць тарпедаўцам ў заслугу, дык гэта зацятасць. Не паверылі ні ў злы рок, ні ў чорную паласу, ня апускалі рук, не зніжалі хуткасці, упарта ішлі ў атаку. І неўзабаве пасля перапынку атрымалася! У штрафной пляцоўцы «Іслачы» няўрымслівы Камо Аганісян злаўчыўся нанесці ўдар паміж актыўна ствараўшымі перашкоду абаронцамі – мяч адскочыў ад газона і ўляцеў у сетку. Першы гол аўтазаводцаў ў чэмпіянаце адбыўся, трыбуны ўспрыялі, але гэта была яшчэ толькі палова справы.

І зноў пайшлі атакі. «Іслач» намагалася ўтрымаць нічыйны лік, але наглуха не зачынялася, так што бегчы без аглядкі наперад для тарпедаўцаў было небяспечна. Ігар Крывушэнка своечасова асвяжыў склад, вырабячы замены, і гэта дазволіла «чорна-белым» не зніжаць абароты. Аднак час няўмольна раставаў, а на табло ўсё так жа гарэлі дзве адзінкі. І вось – апошняя хвіліна асноўнага часу. Імяніннік Уладзімір Шчэрба ўкідае аўт – далёка, як гэта ён умее. Мяч ляціць у цэнтр штрафной, вынесці яго абаронцам не атрымоўваецца, Максім Імерэкаў галавой скідае пад удар Аляксандру Макасю, і форвард з развароту б’е па варотах. Гол! Стадыён выбухае радаснымі крыкамі і авацыямі. У кампенсаваны час «ваўкі» спрабуюць выратаваць становішча, на выкананне штрафнога паблізу тарпедаўскай брамы прыбягае нават галкіпер Сарока, але свой ліміт нешанцавання «Тарпеда-БЕЛАЗ» ужо абраў.

Перамогу ўпрыгожвае выдатнае піратэхнічнае шоў, створанае тарпедаўскім фан-сектарам. У густым чорным дыму страбаскопы высвятляюць надпіс «За Тарпеда нават у пекла» – выглядае гэта вельмі прыгожа. За такіх заўзятараў камандзе дакладна варта лезці ў пекла гарачых бітваў, якіх напэўна будзе нямала стартаваўшым чэмпіянаце.

ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ІСЛАЧ – 2:1
Жодзіна. 1 красавіка. Стадыён «Тарпеда». 1200 гледачоў.
Суддзі – У.Ішчанка (Рэчыца), А.Гецікаў (Гомель), А.Палуянаў (Мазыр).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Фамічоў, Асані (Зубовіч, 75), Клапоцкі, Аганісян, Шапавал (Дарашэнка, 72), Макась, Хачатуран (к), Скавыш, Шчэрба, Імерэкаў, Афанасьеў (Панкавец, 69).
Запасныя: Хаткевіч, Салавей, Рэкіш, Джугір.
ІСЛАЧ: Сарока, Сверчынскі, Кірыльчык, Ясюкевіч, Валееў, Шагойка, Зюлев, Блізнюк (Пятроў, 87), Папуш (Лынькоў, 92+), Халадзінскі (к), Асіпенка (Джон Уэслі, 92+).
Запасныя: Туранок, Рочеў, Тараканаў, Патоцкі.
Галы: 0:1 – Блізнюк (2). 1:1 – Аганісян (51, пас – Скавыш). 2:1 – Макась (90, пас – Імерэкаў).
ПАПЯРЭДЖАННІ: Макась (6), Сверчынскі (13), Сарока (37), Шапавал (56), Клапоцкі (73), Асіпенка (79).

суббота, 01.04.2017 22:48
Актуальная інфармацыя

ФК “ТАРПЕДА-БЕЛАЗ” АБ’ЯЎЛЯЕ НАБОР
У ГРУПУ ПАДРЫХТОЎКІ 2010 г.н.

Пачатак заняткаў – верасень.

Звяртацца па тэлефонах:
+375 44 477 29 62 (Міхал Дзям’янавіч Русак, трэнер)
5 10 49 (Вадзім Міхайлавіч Бразоўскі, начальник аддзела развіцця маладзежнага футбола)

партнёры