Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Высокая стаўка суседскага дэрбі

 

У панядзелак, 6 лістапада, у заключным матчы 28-га тура адбудзецца адзін з найважнейшых паядынкаў футбольнага ўікэнда, які расцягнуўся на чатыры дні. Матч «Тарпеда-БЕЛАЗ» – БАТЭ асабняком вынесены на першы дзень тыдня (па шчасці, нерабочы) па просьбе барысаўчан, якія толькі ў пятніцу вярнуліся з еўракубкавага выезду з Нямеччыны. Але нават калі б не было гэтага пераносу, суседскае дэрбі ўсё роўна выклікала б павышаную цікавасць не толькі ў Жодзіна і Барысаве, а ва ўсёй футбольнай супольнасьці краіны – настолькі высокая стаўка ў гэтай гульні для абедзвюх каманд.

Перамога ў гэтым паядынку не гарантуе ні БАТЭ, ні «Тарпеда» нічога, акрамя працягу турнірнай барацьбы. Паражэнне даражэй абыйдзецца барысаўчанам – у гэтым выпадку, яны амаль напэўна пазбавяцца «золата» чэмпіянату. Практычна гэтак жа фатальная будзе для іх і нічыя. У жодзінцаў пры неспрыяльным зыходзе яшчэ застануцца шанцы зачапіцца за чацвёртае месца, але больш гіпатэтычныя. Так што абедзве каманды будуць гуляць толькі на перамогу.

Мінулы тур і для жодзінцаў, і для барысаўчан склаўся вельмі няўдала. «Тарпеда-БЕЛАЗ» на выездзе саступіў брэсцкаму «Дынама», БАТЭ дома ўнічыю згуляў з «Нафтанам». Не лепшым чынам на псіхалагічным стане чэмпіёна адбіваецца і паражэнне ў Кёльне. Аўтазаводцам ж трэба будзе вырашыць задачу замены Дзмітрыя Клімовіча і Уладзіміра Шчэрбы, якія атрымалі ў брэсцкім матчы чацвёртыя жоўтыя карткі. Зрэшты, калі Андрэй Хачатуран, які ўжо трэніруецца ў агульнай групе, у панядзелак выйдзе на поле, кадравая праблема не будзе выглядаць гэтак вострай.

Стартавы свісток Аляксея Кульбакова прагучыць 6 лістапада ў 17:30. Спадзяемся, у гэты час на трыбунах жодзінскага стадыёна «Тарпеда» збярэцца аўдыторыя, дастойная суседскага дэрбі, у якім так шмат пастаўлена на кон. Падтрымка балельшчыкаў будзе важная кожнай з каманд, а мы ж ведаем, што з Барысава да нас традыцыйна прыязджае вялікі дэсант. Так што наша агульная задача: не дапусціць перавагі суперніка ні на полі, ні на трыбуне!

пятница, 03.11.2017 13:23
Актуальная інфармацыя

Лепшыя бамбардзіры чэмпіяната             

1. Міхаіл Гардзейчук (БАТЭ) – 18                            
2. Павел Савіцкі (Нёман) – 15
3. Баян Дубаіч (Гарадзея) – 12
3. Антон Сарока (Дынама-Мінск) – 12
4. Егор Зубовіч (Тарпеда-БЕЛАЗ) – 11              

Лепшыя асістэнты чэмпіяната     

1. Ігар Стасевіч (БАТЭ) – 11
2. Дзмітрый Рэкіш (Тарпеда-БЕЛАЗ) – 10
3. Эдгар Аляхновіч (Шахцёр) – 8
3. Мікалай Януш (Шахцёр) – 8
3. Дзмітрый Лебядзеў (Гарадзея) – 8     

партнёры