Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

Ёсць доўгачаканая перамога!

 

Паўтара месяца без перамог (няхай крыху менш з улікам кубкавай гульні са «Смалявічамі-СТІ») – гэта шмат. А яшчэ – гэта крыўдна, паколькі ў трох матчах пад кіраўніцтвам новага трэнерскага штаба «Тарпеда-БЕЛАЗ» зусім не выглядаў слабым. Таму з такім натхненнем жодзінскія заўзятары сустрэлі ў суботу перамогу сваёй каманды над «Віцебскам».

Свайго даволі моцнага суперніка тарпедаўцы абыгралі упэўнена, практычна не падаўшы апаненту шанцаў. І хоць доўгі час кошт быў «хісткім», асабліва хвалявацца за зыход сустрэчы аўтазаводцы сваім прыхільнікам не далі. Дзейнічалі надзейна, можна нават сказаць, самавіта, дэманструючы, быць можа, не самую відовішчную, але якасную і змястоўную гульню.

Зрэшты, відовішчнымі атрымаліся галоўныя моманты гэтага матчу – абодва ўзяцця варот. На заканчэнні першай чвэрці гадзіны гульні ў тарпедаўцаў прайшла хуткая камбінацыя – Камо Аганісян навесіў з левага фланга на супрацьлеглы, ад цэнтра поля да перадачы ірвануў Андрэй Хачатуран, прыняў мяч і прастрэліў у варатарскую, куды набягаў Максім Скавыш. Ўдар галавой адразу – і мяч у варотах! А на заключным адрэзку гульні вынікам зацятых вылазак аўтазаводцаў ва ўладанні суперніка стаў штрафной недалёка ад кута пляцоўкі віцяблян. Андрэй Хачатуран усім сваім выглядам даў зразумець, што будзе навешваць, а сам прабіў у далёкі кут варот, застаўшы знянацку Дзмітрыя Гушчанка. Моцны, прыгожы, а галоўнае, дакладны і выніковы ўдар!

Такім чынам, першая перамога пад кіраўніцтвам Алега Кубарава адбылася. І хай здабытыя ў матчы з «Віцебскам» тры ачкі пакуль не занадта адбіліся на турнірным становішчы каманды, зазіраць у будучыню стала весялей. І не без падстаў – «Тарпеда-БЕЛАЗ» упэўнена намацвае сваю гульню.

ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ВІЦЕБСК – 2:0.
19 жніўня, Жодзіна, стадыён «Тарпеда», 950 гледачоў.
Суддзя: Я.Навумаў (Мінск).
ТАРПЕДА-БЕЛАЗ: Хаткевіч, Аганісян (Калугін, 66), Панкавец (к), Макась (Зубовіч, 20), Дарашэнка (Шчэрба, 78), Хачатуран, Скавыш, Алексіевіч, Клімовіч, Паўлавец, Афанасьеў.
Запасныя: Сарока, Клапоцкі, Рэкіш, Джугір.
ВІЦЕБСК: Гушчанка (к), Скітаў, Бабічаў, Квашук, Ледэсма (Шкурын, 78), Мацвеенка (Салавей, 59), Казлоў, Цімашэнка, Волкаў (Вяргейчык, 68), Навумаў, Карамушка.
Галы: 1:0 – Скавыш, 14 (пас – Хачатуран). 2:0 – Хачатуран, 85 (са штрафнога).
Папярэджанні: Цімашэнка (40), Навумаў (43), Скавыш (90).

суббота, 19.08.2017 23:41
Актуальная інфармацыя

ФК “ТАРПЕДА-БЕЛАЗ” АБ’ЯЎЛЯЕ НАБОР
У ГРУПУ ПАДРЫХТОЎКІ 2010 г.н.

Пачатак заняткаў – верасень.

Звяртацца па тэлефонах:
+375 44 477 29 62 (Міхал Дзям’янавіч Русак, трэнер)
5 10 49 (Вадзім Міхайлавіч Бразоўскі, начальник аддзела развіцця маладзежнага футбола)

партнёры