Афіцыйны сайт ФК «Тарпеда-БЕЛАЗ» Жодзіна

З смагай рэваншу

 

Матч «Слуцк» – «Тарпеда-БЕЛАЗ» вынесены асабняком у праграме другога тура чэмпіянату Беларусі па футболе «БЕЛАРУСБАНК – ВЫШЭЙШАЯ ЛІГА» сезону 2017 года; усе каманды адыгралі ў выхадныя, і толькі случчакі з жодзінцамі памераюцца сіламі ў панядзелак. Увогуле, звычайная прыхамаць календара, але ў ёй лёгка можна ўгледзець і падтэкст – толькі лянівы яшчэ не назваў гэты паядынак матчам-рэваншам. І мы тут не будзем арыгінальнымі, паколькі слова «рэванш» найбольш дакладна адлюстроўвае настрой напярэдадні гэтай сустрэчы.

«Слуцк» нечакана-негадана трапіў у разрад прынцыповых супернікаў аўтазаводцаў. Нядоўгая пакуль гісторыя ўзаемаадносін каманд ужо паспела пераканаць жодзінцаў у тым, што «Слуцк» – не цукар, гульні з ім складваюцца для «чорна-белых» няпроста. Хоць ўпартых супернікаў у лізе і без таго хапае, «Слуцк» змог нанесці «Тарпеда-БелАЗ» сур’ёзную рану, якая ўсё яшчэ сыходзіць крывёй і наўрад ці хутка зацягнецца. Гаворка, вядома ж, пра Кубак Беларусі, з якога случчакі выбілі жодзінцаў яшчэ на стадыі чвэрцьфіналу, калі і тарпедаўскія заўзятары, і самі аўтазаводцы менш за ўсё былі гатовыя да такога канфузу.

Злосць, пачуццё помсты – не самыя лепшыя памочнікі. «Слуцк» даказаў, што пры сустрэчы з ім у якасці зброі куды лепш падыдзе ўменне трымаць сябе ў руках. Тарпедаўцам, несумненна, ёсць, што супрацьпаставіць гэтаму суперніку, але, як кубкавы матч, так і паядынак з «Іслаччу» паказалі, што сваімі навыкамі, сваімі ўменнямі, сваімі момантамі трэба пісьменна распарадзіцца. Толькі гэта дасць вынік і дапаможа здаволіць смагу рэваншу, якая мучыць і футбалістаў, і іх заўзятараў.

Матч «Слуцк» – «Тарпеда-БЕЛАЗ» адбудзецца ў Слуцку ў панядзелак, 10 красавіка, у 17:30. Працоўны дзень і няблізкі шлях наўрадці дазволяць многім заўзятарам «чорна-белых» патрапіць на стадыён. Балазе, матч запланаваны да паказу ў прамым эфіры на тэлеканале «Беларусь 5».

воскресенье, 09.04.2017 18:18
Актуальная інфармацыя

Юнацкае першынство Рэспублікі Беларусь

1 мая, Жодзіна, стадыён “Тарпеда” (штучнае поле)

13:00 – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ГОМЕЛЬ (1999(98) гг.н.)
15:00 – ТАРПЕДА-БЕЛАЗ – ГОМЕЛЬ (2000 г.н.)

партнёры